Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На акрузе №19 прыйшлі і прагаласавалі 86% выбаршчыкаў?!

Як піша "Віцебская Вясна", паводле вынікаў, якія былі агучаныя 17 лістапада 2019 года старшынёй Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 Святланай Міхальчанка, на выбарчыя ўчасткі акругі прыйшлі і прагаласавалі 54 тыс. 736 чалавек. Гэта складае 86% ад колькасьці ўсіх выбаршчыкаў (63 тыс. 643) у акрузе. Фантастычная лічба нават для Беларусі!

Пра сітуацыю з галасаваннем на 4-м выбарчым участку акругі №19 расказаў назіральнік Леанід Свецік.

Паводле афіцыйных лічбаў, на гэтым участку з 787 выбаршчыкаў прагаласавала 679 чалавек. Яўка склала 86,3%. Па версіі УВК, пераважная большасьць выбаршчыкаў аддала свае галасы кандыдатцы Святлане Горваль – 518 галасоў (або 76%!).

«На мой погляд і з вышыні свайго досведу назірання, дадзеная лічба супярэчыць усім статыстычным законам матэматыкі, чалавечай псіхалогіі і здароваму сэнсу», – кажа назіральнік Леанід Свецік.

vybary_vitebsk_v1.jpg
Выніковы пратакол галасавання на ўчастку №4 Віцебскай-Чыгуначнай акругі №19

Расказвае, што для фатаграфавання старшыня камісіі вылучыў месца на адлегласці аж 15 метраў ад месца падліку галасоў.

«Фармальна ён меў рацыю, але па сутнасці – гэта вычварны здзек. Фактычна гэта было не месца для фотаздымкаў, а рэзервацыя, адмыслова падрыхтаваная для «прынцыпу адкрытасці і галоснасці», які мусіў бы спадарожнічаць сапраўды дэмакратычнаму волевыяўленню выбаршчыкаў!» – заўважае назіральнік.

Леанід Свецік падсумаваў: 

«На гэтым участку я назіраю ўжо чацвёртыя выбары запар. І магу канстатаваць, што якасць працы выбарчай камісіі ад выбараў да выбараў усё больш аддаляецца ад патрабаванняў дзейнага выбарчага заканадаўства. І гэта яшчэ больш пераконвае мяне, што верыць вынікам галасавання, якія агучваюцца ў канцы падліку галасоў на гэтым участку, нельга».

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары