Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Баранавіцкі назіральнік раззлаваў камісію тым, што папрасіў даць яму стол

Незалежны назіральнік з Баранавіч Сяргей Гоўша накіраваў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію з нагоды парушэння выбарчага заканадаўства. 

Сяргей Гоўша. Фота
Сяргей Гоўша. Фота "Радыё Рацыя"

Сяргей Гоўша назіраў на ўчастку №23 Баранавіцкай-Усходняй акругі, які мясціўся ў гімназіі №2. Літаральна за 10 хвілін да пачатку падліку галасоў ён звярнуўся да намесніка старшыні камісіі Віталя Папка з прапановай устанавіць хоць адзін стол для назіральнікаў, бо без стала немагчыма нічога напісаць (ні скрагаў, ні заметак). У адказ ён пачуў: “Вы замінаеце мне працаваць, я Вас зараз выганю!”. Гоўша вельмі абураны такімі паводзінамі намесніка старшыні камісіі. Ён нагадвае, што ў адпаведнасці з артыкулам 13 Выбарчага кодэкса назіральнікі маюць права звяртацца да старшыні ці намесніка з прапановамі па пытаннях арганізацыі галасавання.

Таксама Сяргей Гоўша скардзіцца на тое, што старшыня камісіі Наталля Швед і Віталь Папок адмовіліся браць скаргу назіральніка на непразрысты падлік галасоў. Ён лічыць, што людзі, якія не ведаюць выбарчага заканадаўства, не могуць у далейшым працаваць у выбарчых камісіях.

Сяргей Гоўша просіць Цэнтрвыбаркам правесці праверку агучаным фактам і прыняць адпаведныя меры.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары