Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ці пагражае “крыміналка” таму, хто расклеіў улёткі ў пад’ездзе старшыні УВК?

Павел Сапелка. Фота: svaboda.org
Павел Сапелка. Фота: svaboda.org

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка разабраў скандальны выпадак з дырэктаркай дзіцячага садка, чый пад’езд абляпілі улёткамі пра фальсіфікацыі на выбарах. Падрабязна - на сайце mspring.online.

Як мяркуецца, у ноч з 13 на 14 лістапада невядомы чалавек расклеіў ў доме старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №32 Марыны Зубарэнкі ўлёткі з яе партрэтам і тэкстам наступнага зместу:

«Паважаныя жыхары дома! У Вашым пад’ездзе ў кватэры №*** жыве дырэктар школы №12 Зубарэнка Марына, якая ўзначальвае ўчастковую выбарчую камісію ў гэтай жа школе. Гэта яна 13 лістапада выштурхоўвала з кабінета незалежных журналістаў, якія хацелі задаць некалькі важных пытанняў дэпутату Марзалюку. Менавіта дзякуючы такім, як Зубарэнка Марына, прыходзяць і сядзяць ва ўладзе такія, як Ігар Марзалюк… Калі вы яе сустрэнеце, то скажыце, што фальсіфікацыі на выбарах ёсць крымінальнае злачынства».

Верагодна, улёткі сталі рэакцыяй на скандал з удзелам Зубарэнкі і Марзалюка, які адбыўся 13 лістапада. Тады старшыня ўчастковага выбаркама і дэпутат не ўпусьцілі на сустрэчу з выбаршчыкамі журналістаў тэлеканала БелСАТ.

Фото – Анжаліка Васілеўская, tut.by
Фото – Анжаліка Васілеўская, tut.by

Зубарэнка адрэагавала на ўлёткі заявай на ўзбуджэнне крымінальнай справы. Яна расцэньвае гэта як злоснае хуліганства:

– Я дома з таго дня не начую: баюся. Хаджу зараз з аховай. Навошта камусьці спатрэбілася так рабіць? Чаму менавіта са мной? Таму што ў нас на ўчастку галасуюць кіраўнікі вобласці і горада? Я падазраю, хто мог гэта зрабіць, бо ўлёткі расклеілі ў ноч на 14 лістапада – напярэдадні а 10-й вечара іх дакладна яшчэ не было. Але гэта толькі мае падазрэнні, хай разбіраецца міліцыя, – распавядала Зубарэнка tut.by.

Яна лічыць, што аўтара ўлётак абавязкова трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Міліцыя ўжо праводзіць праверку.

Да гэтага на эпізод з удзелам Зубарэнкі адрэагаваў прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка:

– Жанчына, а на яе пальцам тыкаюць, у яе дзеці, сям’я, муж. Як жа ёй? Чаму яна, робячы добрую справу, павінна гэта трываць? Адкруцім голавы і павыварочваем рукі тым, хто будзе сябе падобным чынам весці.

MSPRING.ONLINE папрасіў юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Паўла Сапелку пракаментаваць інцыдэнт: ці сапраўды распаўсюд улётак, у якіх гаворыцца, што фальсіфікацыя выбараў – гэта злачынства, з’яўляецца асновай для крымінальнага пераследу?

– Зыходзячы з тых дадзеных, якія прадстаўленыя, складу злачынства па арт. 339 КК РБ (Злоснае хуліганства) я не бачу. Але я не выключаю, што пасля «пажадання» прэзідэнта праваахоўнікі адвольна прыцягнуць чалавека да крымінальнай адказнасці, – паведаміў Сапелка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары