Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Колькі бюлетэняў вынеслі з участкаў у Мінску? Разбіралася “Наша Ніва”.

Падлік галасоў на выбарчым участку ў Мінску.
Падлік галасоў на выбарчым участку ў Мінску.

«Наша Ніва» працягвае аналізаваць вынікі парламенцкіх выбараў, апублікаваныя на сайце ЦВК. Сёння ў цэнтры ўвагі вынесеныя з участкаў бюлетэні.

Падчас выбараў члены камісій старанна падлічваюць яўку (колькі бюлетэняў выдалі), а пасля галасы за кандыдатаў (колькі бюлетэняў дасталі з урны). Гэта два асноўныя паказчыкі, за якія ім трэба адсправаздачыцца.

Гэтыя два лікі не заўсёды цалкам супадаюць. Часам нехта з выбарцаў спрабуе выносіць бюлетэнь — ці то ў знак пратэсту, ці то як сувенір. Такая сітуацыя разглядаецца як надзвычайная. За такімі выбарцамі бяжыць услед член камісіі разам з міліцыянтам. Маўляў, хочаш — сапсуй бюлетэнь, але пакінь яго на ўчастку.

Таму ў рэальнасці выпадкі вынесеных бюлетэняў адзінкавыя.

«Наша Ніва» прааналізавала, колькі бюлетэняў было вынесена з розных акругаў Мінска. Лічбы атрымаліся дзіўныя.

  • Шабаноўская №91 — 0
  • Аўтазаводская №92 — 1
  • Васняцоўская №93 — 0
  • Свіслацкая №94 — 65,
  • Купалаўская №95 — 77,
  • Чкалаўская №96 — 1,
  • Кастрычніцкая №97 — 0,
  • Грушаўская №98 — 1,
  • Паўднёва-Заходняя №99 — 4,
  • Ясенінская №100 — 0,
  • Каменнагорская №101 — 245,
  • Заходняя №102 — 334,
  • Пушкінская №103 — 380,
  • Кальварыйская №104 — 468,
  • Старавіленская №105 — 52,
  • Коласаўская №106 — 249,
  • Усходная №107 — 279,
  • Каліноўская №108 — 227,
  • Уруцкая №109 — 76,
  • Партызанская №110 — 0.

padlik-minsk-2019-2.jpg
Падлік галасоў на выбарчым участку ў Мінску.

Абсалютны рэкардсмен — Кальварыйская акруга №104. Менавіта тут балатавалася (і нават перамагла) «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч. Акружная камісія засведчыла, што некуды прапалі 468 бюлетэняў.

Як тэорыя імавернасці глядзіць на тое, што на акрузе №100 выбарцы не вынеслі ніводнага бюлетэня, а на акрузе №101 — ажно 245 паперак? Натуральна, гэта немагчыма. Працэнт людзей, які выносяць бюлетэні, у рэальнасці прыкладна аднолькава ва ўсіх раёнах аднаго горада. 

Дык як магла адбыцца такая ненармальная сітуацыя? Давайце разбірацца.

Усе выбарчыя акругі уключаюць у сябе прыблізна па 60—70 тысяч жыхароў. Але падзеленыя яны не адвольна, а па магчымасці ў адпаведнасці з адміністратыўна-тэрытарыяльным дзяленнем. Малазначнае адступленне ёсць толькі адно, і датычыць квартала паміж Савецкім і Першамайскім раёнамі.

Напрыклад, у Маскоўскі раён уваходзяць Грушаўская, Паўднёва-Заходняя і Ясенінская акругі. Адпаведна, адміністрацыя раёна галавой адказвае за, скажам так, выкананне паказчыкаў падчас выбараў. 

А стратэгію паводзінаў, як дабіцца пажаданых вынікаў, кожны вызначае сабе сам.

Атрымалася, што ў чатырох раёнах налічылі ўсяго 7 вынесеных бюлетэняў. 

Маскоўскі раён (3 акругі) — 5

Аўтазаводскі раён (3 акругі) — 1

Кастрычніцкі раён (2 акругі) — 1

Партызанскі раён (1 акруга) — 0

Затое ў іншых пяці раёнах паказчыкі зашкальвалі.

Фрунзенскі раён (4 акругі) — 1427

Савецкі раён (2 акругі) — 528

Першамайскі раён (2 акругі) — 303

Ленінскі раён (2 акруга) — 142

Цэнтральны раён (1 акруга) — 52.

Такое ўражанне, што ў розных раёнах кіраваліся рознымі інструкцыямі. Такія нерэальныя разыходжанні выклікаюць чарговыя сур'ёзныя сумневы ў падліку галасоў. У любой еўрапейскай краіне нават адзін гэты факт выклікаў бы скандал, крымінальныя справы, перападлік і адмену вынікаў выбараў судовымі інстанцыямі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары