Еўрапарламент: Выбары, што прайшлі ў Беларусі, маглі стаць паваротным момантам, якога мы чакалі
У Еўрапарламенце лічаць, што парламенцкія выбары ў Беларусі «ізноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў», піша TUT.BY.
Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань указвае, што Еўрапейскі парламент не быў запрошаны для назірання за парламенцкімі выбарамі. Але ў Еўрапарламенце ўважліва вывучылі высновы міжнародных назіральнікаў місій Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.
Роберт Бедрань адзначае, што цяпер Еўрапейскі парламент не мае афіцыйных адносін з Нацыянальным сходам Беларусі «з-за няздольнасці гэтай краіны праводзіць выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі і выконваць свае абавязацельствы, калі гаворка ідзе аб захаванні асноўных свабодаў і вяршэнства закона».
– Гэтыя датэрміновыя парламенцкія выбары маглі стаць паваротным момантам, якога мы чакалі, каб разблакаваць гэтую сітуацыю. Мы, безумоўна, цэнім акрэдытацыю беларускімі ўладамі шэрагу мясцовых і міжнародных назіральнікаў у знак добрай волі, а таксама цэнім той факт, што дзень выбараў прайшоў спакойна. Але ўсё ж гэтыя выбары зноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў. Выбарчы закон прымяняўся выбарачна, каб прымусіць замаўчаць нязгодных, – заявіў еўрадэпутат.
У Еўрапарламенце лічаць, што падчас выбарчай кампаніі не былі створаныя роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў. А беларускія ўлады зноў пакінулі без увагі рэкамендацыі Венецыянскай камісіі і БДІПЧ АБСЕ, у тым ліку тыя, якія тычыліся незбалансаванага складу ўчастковых выбарчых камісій і адсутнасці празрыстасці падчас падліку галасоў.
- Мы верым, што давер грамадзянаў Беларусі да дзяржаўных інстытутаў з'яўляецца закладам стабільнасці і росквіту іх краіны. Таму мы заклікаем беларускія ўлады праявіць адказнасць і распачаць значныя крокі для выканання вышэйзгаданых рэкамендацый напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе, - заявіў Бедрань.
На 27 лістапада ў Страсбургу запланавана сустрэча дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Члены дэлегацыі абмяркуюць вынікі мінулых выбараў з кіраўніком назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ Карыэн Йонкер.
Нагадаем, назіральнікі ад АБСЕ лічаць, што парламенцкія выбары ў Беларусі прадэманстравалі «поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязацельстваў». Еўразвяз назваў мінулыя выбары страчанай магчымасцю.
Беларускі бок - МЗС і ЦВК - традыцыйна адкінулі ўсе абвінавачванні міжнародных назіральнікаў, заявіўшы, што гэта «не больш і не менш як палітычная заява» і «мы праводзім выбары для сваёй краіны і народа, а не ва ўгоду знешнім сілам».