Дзярждэп ЗША пра выбары ў Беларусі: Шкадуем, што альтэрнатыўныя галасы не будуць прадстаўлены ў парламенце
ЗША прызнаюць мірнае правядзенне парламенцкіх выбараў 17 лістапада ў Беларусі і вялікую колькасць акрэдытаваных мясцовых і міжнародных назіральнікаў. Аднак высновы міжнародных місій пра тое, што «асноўныя свабоды былі праігнараваныя і цэласнасць выбарчага працэсу не была належным чынам гарантаваная», выклікаюць у ЗША трывогу. Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту, якую цытуе TYT.BY.
У Дзярждэпе адзначаюць, што на парламенцкіх выбарах у Беларусі захоўваліся сур'ёзныя пытанні адносна перашкодаў для рэгістрацыі партый, адмены рэгістрацыі кандыдатаў, цэласнасці працэсу датэрміновага галасавання, непразрыстага і падліку галасоў, які не паддаецца праверцы, не плюралістычных выбарчых камісій, крымінальных санкцый за паклёп, абмежаванняў на працу медыя і прававой базы.
- Мы шкадуем, што альтэрнатыўныя галасы не будуць прадстаўлены ў парламенце, - гаворыцца ў заяве Дзярждэпа (маецца на ўвазе адсутнасць апазіцыйных дэпутатаў у новым складзе парламента).
Там таксама нагадваюць, што не адбылося змястоўных зменаў выбарчага працэсу, рэкамендаваных АБСЕ і Венецыянскай камісіяй Савета Еўропы. Таму ЗША заклікаюць беларускія ўлады правесці сур'ёзную рэформу выбарчага заканадаўства і выбарчых працэсаў.
- Умацаванне беларускай дэмакратыі ўзмоцніць беларускі суверэнітэт і незалежнасць, якія Злучаныя Штаты безумоўна і цвёрда падтрымліваюць, і пракладзе шлях да ўмацавання двухбаковых сувязяў, - заяўляюць у Дзярждэпе.
Нагадаем, назіральнікі ад АБСЕ лічаць, што парламенцкія выбары ў Беларусі прадэманстравалі «поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязацельстваў». Еўразвяз назваў мінулыя выбары страчанай магчымасцю. У Еўрапарламенце заявілі, што гэтыя выбары «ізноў былі азмрочаныя побач злоўжыванняў і недахопаў».
Беларускі бок - МЗС і ЦВК - традыцыйна адхілілі ўсе абвінавачванні міжнародных назіральнікаў, заявіўшы, што гэта «не больш і не менш як палітычная заява» і «мы праводзім выбары для сваёй краіны і народа, а не ва ўгоду знешнім сілам».