Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Больш за 90 скаргаў паступіла ў Віцебскую абласную камісію

Падчас паседжаньня абласной камісіі. Фота з "Віцебская Вясны"
Падчас паседжаньня абласной камісіі. Фота з "Віцебская Вясны"

Як паведамляе назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова, 20 лістапада 2019 адбылося пасяджэнне абласной выбарчай камісіі па ўстанаўленні вынікаў выбараў у Віцебскай вобласці. На парадку дня было два пытанні: устанаўленне вынікаў выбараў па 14 акругах вобласці і пераразмеркаванне грашовых сродкаў у камісіі. Член абласной камісіі, вылучаны БХК, Павел Левінаў унёс у парадак дня трэцяе пытанне: этапная справаздача па праведзенай працы ў складзе Віцебскай абласной выбарчай камісіі.

Асаблівых меркаванняў па акруговым камісіям было два – у дачыненні да камісій №17 і №30. Заслухалі асобнае меркаванне Паўла Левінава. З 12 прысутных членаў камісіі ні адзін, акрамя Левінава, не пагадзіўся з дадзеным меркаваннем.

«Унікальны выпадак у Аршанскай-Дняпроўскай акрузе №26. Прызначэнцам павінен быў быць Віталь Чудовіч, які ўвечары 14 лістапада ў цяжкім стане быў дастаўлены ў бальніцу. Яго «дублёр» Віталь Васюкоў, дырэктар філіяла "Беларусбанк", выбарчы рахунак не адкрываў, агітацыю не праводзіў, з выбаршчыкамі сустрэч не праводзіў, давераных асобаў не меў, на тэлебачанні і радыё не выступаў, у дэбатах не ўдзельнічаў, перадвыбарчую праграму ў СМІ не публікаваў, але «набраў» 50,4% галасоў выбаршчыкаў», – адзначае назіральніца.

На пасяджэнні не была разгледжана ні адна скарга. Тым не менш, Ірына Траццякова кажа, што грамадзяне ўжо пачалі атрымліваць адказы на скаргі, але ўсе яны дадзеныя ў кантэксце: «парушэнні пацверджання не знайшлі» і скаргі разглядаліся ў рамках Закона аб звароце грамадзянаў. Дакладна вядома, што на вечар 19 лістапада ў абласной камісіі было парадку 90 скаргаў і скаргі працягвалі паступаць ад назіральнікаў, грамадзянаў, давераных асобаў, кандыдатаў у дэпутаты.

Сярод іншага было пытанне аб адсутнасці «фактаў» і «доказаў» ў назіральнікаў, пры тым што практычна на ўсіх участках была забарона на фота- і відэаздымкі.

"У адной з участковых камісій Гарадоцкай выбарчай акругі №21 маё пытанне пра колькасць дазволеных фотаздымкаў выклікала здзіўленне, у той час як усіх назіральнікаў у 17 і 18 акрузе абмежавалі ў фатаграфаванні, аж да прымянення фізічнай сілы, пагроз міліцыяй, выдаленнямі з участкаў, адменай акрэдытацый давераных асобаў", – падкрэсліла назіральніца.

Па пытанні пераразмеркавання грашовых сродкаў: на паездку ў ЦВК і назад прапанавана «пераразмеркаваць» сродкі так, каб іх было 500 рублёў. Усе члены, акрамя Левінава, выступілі «за» такое пераразмеркаванне.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары