Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнік з участка Лукашэнкі: Чакалі, што я буду стаяць па стойцы смірна

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары Кірыл Гарошка, які спытаў у Лукашэнкі, навошта патрэбны ў Беларусі выбары, распавёў Вясне, чаму яго пазбавілі акрэдытацыі і выгналі з участка №506, дзе галасаваў кіраўнік краіны.

lukashenko_678.jpg
Кіраўнік краіны Лукашэнка на ўчастку №506. Фота з сацыяльных сетак

“Навязваў свой пункт гледжання іншым назіральнікам”

Як распавядае Кірыл, рашэнне ўчастковай выбарчай камісіі аб пазбаўленні акрэдытацыі назіральніка было заснавана на дакладной запісцы члена выбарчай камісіі і сябра “Белай Русі” Аксаны Гуніч. Першай яе прэтэнзіяй было тое, што назіральнік Гарошка нібыта “навязваў свой пункт гледжання іншым назіральнікам”.

“Тут можна доўга разважаць пра тое, што значыць “навязваў”, і чаму мець свой пункт гледжання дрэнна. Але, так як нічога такого не было і гэта ўвогуле не рэгулюецца выбарчым кодэксам – то каментары будуць тут залішнімі. Разам з тым, варта падкрэсліць, што сярод назіральнікаў выбарчая камісія мела свайго інфарматара. Менавіта назіральнік ад Беларускага фонду міра выконваў ролю назіральніка за назіральнікамі. Ён вёў перамовы непасрэдна са старшынёй камісіі па-за межамі ўчастка”, – распавядае Кірыл Гарошка.

“Задаваў некарэктныя пытанні выбаршчыкам”

У рашэнні камісіі таксама пазначаецца, што назіральнік “задаваў некарэктныя пытанні выбаршчыкам”. Пры гэтым не ўдакладняецца, якія канкрэтна і каму менавіта ён задаваў такія пытанні.

“Тут трэба аддаць належнае Аксане Гуніч, якая падрыхтавала на мяне дакладную запіску, бо яна гэтай фармуліроўкай трапіла прама ў кропку. Бо гэта ж я — той, хто асмеліўся спытаць Аляксандра Лукашэнку пра выбары і дэмакратыю. Пасля я ўжо зразумеў, што ад мяне, відаць, чакалі, што я буду стаяць па стойцы смірна, як усе назіральнікі, і цешыцца тым, што мне сам прэзідэнт паціснуў руку. Як тое зрабіў, напрыклад, назіральнік ад ЛДБП, які пакінуў участак адразу пасля візіта прэзідэнта”, – распавядае Кірыл.

uchastak_7863.jpg
Фота Кірыла Гарошкі з участка №506

Пераследаваў сябра ўчастковай камісіі Аксану Гуніч

Апошняй прычынай пазбаўлення назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” стала тое, што ён нібыта пераследаваў аднаго з членаў камісіі. У дакладной запісцы пазначана, што назіральнік Гарошка "хадзіў па будынку, які не мае адносінаў да ўчастку для галасавання, пераследуючы члена камісіі Гуніч А.А.".

Кірыл распавядае, што ён нават не адразу зразумеў пра што і, галоўнае, пра каго ідзе гаворка. Апынулася, што Гуніч – сябра камісіі, прадстаўніца “Белай Русі”, якая ніякім чынам не прыцягвала да сябе ўвагі на працягу ўсяго дня галасавання.

Са словаў назіральніка, на ўчастку, дзе галасаваў Лукашэнка, нават прыбіральні былі падзеленыя, адныя для назіральнікаў, другія для сябраў камісіі. Але так было не ўвесь дзень.

“З ранку і выбарчая камісія і назіральнікі карысталіся аднымі і тымі ж прыбіральнямі. Шлях да гэтых прыбіральняў пралягаў праз увесь участак: праз сталы камісіі, кабінкі для галасавання, скрыні для бюлетэняў.

Калі прэзідэнт з'ехаў з участку – ўсіх трохі адпусціла. Тады ўжо можна было і ў прыбіральню выйсці. Але нават самы першы мой выхад у прыбіральню не абышоўся без папярэджанняў з боку сакратаркі камісіі Ірыны Ляшковіч. “Вы, калі ласка, так блізка да сталоў не хадзіце, а то можаце ўбачыць штосьці, што не павінны ўбачыць”, – сказала яна мне наўздагонку.

У мяне з галавы не выляталі яе словы. Я думаў — ну што ў спісах можа быць такога, што мне лепш не бачыць? Вяртаючыся на месца для назіральнікаў, я спытаў сакратарку, ці сапраўды яна сказала пра тое, пра што хацела сказаць? Яна доўга перабірала словы – ўсё не тое. Я дапамог ёй, апынулася, што Ляшковіч хацела сказаць пра “персанальныя дадзеныя” ў спісах выбаршчыкаў.

Я ўжо тады зразумеў, што гэтым я нарваўся на непрыемнасці. І сапраўды, рэакцыя камісіі не прымусіла сябе доўга чакаць. Хутка сакратарка для ўсіх назіральнікаў зрабіла абвестку, што з гэтага моманту назіральнікі мусяць хадзіць туды (паказваючы налева), а сябры камісіі, па-ранейшаму, туды (паказваючы направа).

Увечары на ўчастку №506 яўка ўпала. Гэта быў добры момант каб пайсці “налева” у пошуках новай прыбіральні. Але гэты паход скончыўся вельмі сумна для мяне.

У левым крыле будынка першы паверх займаў буфет. У мяне заставалася два варыянты — пайсці наверх ці ўніз. Я выбраў першы варыянт. У пэўны момант побач апынулася тая самая Аксана Гуніч. Але гэты “пераслед”, гэта тое самае, як незнаёмыя людзі ходзяць разам, напрыклад, у метро і “пераследуюць” адзін аднаго да бясконцасці. Калі я зразумеў, што пераблытаў напрамкі, то пайшоў назад уніз. На першым паверсе мяне ўжо чакалі старшыня камісіі Аляксандр Анісім з двума міліцыянтамі за спіной. Размову ён пачаў першым з пытання: “Што Вы там рабілі?!” Затым, не хаваючы сваіх эмоцый, дадаў, што мне там хадзіць забаронена. Я не зразумеў гэтага і адказаў яму, што знаходжуся па-за ўчасткам і ў такім выпадку яны не могуць абмяжоўваць маё перамяшчэнне. На што Анісім сказаў, што такое абмежаванне звязана з тым, што я, напрыклад, мог там “усталяваць бомбу”. Мяне гэта вельмі абурыла, улічваючы тое, што я нічога супрацьпраўнага не рабіў і нават інтэнцыі такой не меў.

Старшыня быў настроены рашуча. “Я тут адказваю за ўсё! Пасля выбараў прыходзьце і хадзіце сабе тут. Так, ці вы сядзіце на ўчастку і не будзеце перамяшчацца, ці я буду вымушаны паставіць пытанне аб пазбаўленні Вас акрэдытацыі”, – такі ультыматум паставіў мне старшыня камісіі.

Апынулася, што я памыляўся у тым, што я нічога не парушаў – я парушыў правілы іх гульні. За 50 хвілін да закрыцця ўчастка я быў пазбаўлены акрэдытацыі”.

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Кірыл Гарошка накіраваў скаргу на такое рашэнне ў акруговую камісію Старавіленскай выбарчай акругі № 105.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары