Калінкавічы: зона выбарчай анамаліі?
Палескі рэгіён стаў ледзь не самым «актыўным» паводле афіцыйных звестак выбарчых камісіяў – у некаторых акругах яўка, пра якую адсправаздачыліся камісіі, сягала 90%. Незалежныя назіральнікі, праўда, такога ажыятажу ахвочых кінуць бюлетэнь у скрынку не назіралі. Але ж, усе скаргі засталіся без задавальнення, бо, як сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, важна не тое, што бачаць вочы назіральнікаў, а тое, што будзе ў выніку ляжаць у скрынях. У гэтам плане найбольшай анамальным выглядае выбарчы ўчастак № 6 Калінкавіцкай выбарчай акругі № 41.
На гэтым участку назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэй Мядзведзеў стаў сведкам невытлумачальнага з’яўлення рэчаў, якія ў звычайным метафізічным свеце самі сабой матэрыялізавацца ні не маглі, а адкуль што ўзялося – камісія таксама не здолела патлумачыць.
Колькасць выбаршчыкаў на гэтым участку нязначная – усяго 576 чалавек. За час датэрміновага галасавання тут адсправаздачыліся пра 240 выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні. Гэта – амаль 42% агульнай колькасці выбаршчыкаў.
Прынамсі, увечары 16 лістапада, калі скончылася датэрміновае галасаванне, скрыню з ягонымі вынікамі схавалі ў памяшканні касы прадпрыемства і, прыклаўшы чып, здалі тую касу пад ахову міліцыі з Калінкавіцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС.
Скрыню з вынікамі датэрміновага галасавання 16 лістапада ўвечары схавалі ў прысутнасці назіральніка. І ўсе разам – і камісія, і назіральнік, пайшлі дадому. У будынку засталіся толькі вартаўнік прадпрыемства і міліцыянт, які мусіў сцярэгчы скрыню з бюлетэнямі каля касы на трэцім паверсе. А 17 лістапада назіральнік прыйшоў на ўчастак а 7.20 раніцы. У памяшканні па-ранейшаму знаходзіліся вартаўнік і міліцыянт (апошні, праўда, разам з вартаўніком на першым паверсе). Але за ноч у холе будынка, дзе праходзіла датэрміновае галасаванне і павінна было праходзіць галасаванне ў асноўны дзень, з’явіліся яшчэ дзве скрыні – для галасавання па месцы жыхарства і асноўнага дня галасавання, дадаліся сталы і крэслы для камісіі і назіральнікаў, на сталах камісіі выставіліся шыльдачкі з адрасамі. Міліцыянт і вартаўнік казалі, што не выносілі гэтага нічога. Камісіі яшчэ не было. Прынамсі, на пытанне назіральніка хто і калі займаўся падрыхтоўкай участка да асноўнага дня галасавання, камісія прабурчэла нешта няўцямнае пра нейкі персанал, які дапамог.
Сапраўднай вішанькай на версе выбарчага торціка стаў выпадак за гадзіну да сканчэння галасавання. Недзе каля 19 гадзіны на выбарчы ўчастак у спадзеве аддаць свой голас прыйшла пара сталага веку – муж і жонка Станько. Першай далі распісацца ў спісе выбаршчыкаў Валянціне Уладзіміраўне Станько. Адразу за ейным прозвішчам у спісе ішло прозвішча яе мужа – Леаніда Іванавіча, і яна ўбачыла, што за яго ўжо нехта распісаўся, што ён атрымаў бюлетэнь. Як такое сталася, спачатку камісія патлумачыць не магла. Старшыня участковай камісіі Ірына Белая спраўдзіла подпіс у пашпарце Леаніда Іванавіча і той, што быў у спісе выбаршчыкаў – яны не супалі. Чалец камісіі, якая выдавала бюлетэні жыхарам гэтага шматпавярховіка, усё наракала на тое, што нехта памылкова распісаўся ў іншай графе. Леаніду Іванавічу Станько прапанавалі запісаць яго ў дадатковы спіс ці ў канцы асноўнага і выдаць яму бюлетэнь, каб і ён выканаў выбарчы рытуал. Але ён адмовіўся ўдзельнічаць у такім галасаванні, і суджэнцы сыйшлі з участка.
Калі ж яны сыйшлі, чальцы камісіі пачалі казаць, нібыта яны ўзгадалі, што Леанід Іванавіч ужо прыходзіў на датэрміновае галасаванне і атымліваў бюлетэнь. Чаму яны гэта яму не казалі ў вочы, калі ён быў – незразумела.
У холе вісіць камера відэаназірання, манітор ад якой выведзены не на пост аховы, а ў кабінет генеральнага дырэктара прадпрыемства, які таксама прысутнічаў на ўчастку ў якасці назіальніка. Незалежны назіральнік Андрэй Мядзведзеў прапанаваў камусьці з чальцоў камісіі прайсці ў кабінет генеральнага дырэктара і пашукаць момант прыходу і атрымання бюлетэня Станько падчас датэрміновага галасавання. Але ніхто гэта так і не зрабіў.
Пра апошні інцыдэнт назіральнік накіраваў заяву ў пракуратуру Калінкавіцкага раёна з патрабаваннем правесці праверку паводле гэтага факту і даць належную прававую ацэнку дзеянням яго ўдзельнікаў.
Вынікі ж галасавання на ўчастку аказаліся прадказальнымі. Камісія, не шкадуючы адваліла амаль 74% дзейнаму дэпутату Яўгену Адаменку, 7% далі вылучэнцу ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Міхаілу Цімошчанку, крыху менш за 6% напісалі тэхнічнай кандыдатцы ад КПБ, загадчыцы яслямі-садком № 11 Калінкавічаў Святлане Целеш і меней за 3% кінулі апазіцыйнаму вылучэнцу ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрыю Юкоўскаму. Варта адзначыць, што супраць усіх на гэтым участку прагаласавала, паводле афіцыйных звестак, амаль 10% выбаршчыкаў. Прыкладна такія самыя вынікі абвешчаныя і ва ўсёй Калінкавіцкай выбарчай акрузе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле “Палескай вясны”.