Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Тры пытанні назіральніка Сяргея Гоўшы да старшыні ЦВК

Сяргей Гоўша. Фота: spring96.org
Сяргей Гоўша. Фота: spring96.org

Баранавічскі праваабаронца Сяргей Гоўша, які ў якасці назіральніка прысутнічаў на падліку галасоў на выбарчым участку №23 Баранавічскай-Усходняй акругі №6 сутыкнуўся з парушэннямі выбарчага заканадаўства. Свае заўвагі, сфармуляваныя ў тры галоўныя пытанні, ён накіраваў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Пытанне першае – рэакцыя на прапановы і заўвагі назіральніка.

“За 10 хвілін да пачатку галасавання 17 лістапада 2019 года на выбарчым участку № 23 Баранавіцкай-Усходняй акругі № 6 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, які месціцца ў гімназіі № 2 г.Баранавічы, пасля апячатвання скрыні я звярнуўся да намесніка старшыні выбарчай камісіі  Віталія Папка (ён адначасова з’яўляецца і дырэктарам гімназіі і менавіта ён кіраваў усім працэсам, а не яго падначаленая старшыня камісіі Наталля Швед) з прапановай устаноўкі хаця б аднаго стала для назіральнікаў. Адказ я пачуў такі: “вы мешаете мне работать, я вас сейчас выгоню!”

Як назіральнік я ў адпаведнасці з арт. 13 Выбарчага кодэкса маю права “звяртацца з прапановамі і заўвагамі па пытаннях арганізацыі галасавання да старшыні ўчастковай камісіі ці яго намесніка”. Але гэтага закона ня ведае намеснік старшыні камісіі сп. Віталій Папок”.

Пытанне другое – падлік галасоў.

“Бюлетэні лічыліся так, што назіральнік нічога не мог бачыць і адпаведна я не мог мець рэальнай магчымасці назіраць працэдуру падліку галасоў, аб чым я напісаў у сваёй скарзе ў камісію. Старшыня камісіі Наталля Швед і намеснік старшыні Віталій Папок катэгарычна адмовіліся ўзяць маю заяву, зарэгістраваць яе, разгледзець і перадаць у вышэйстаячую выбарчую камісію. Такім чынам, быў парушаны арт. 55 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.”

Пытанне трэцяе – фарміраванне ўчастковай выбарчай камісіі.

“Камісія створаная з прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыву і працуе даўно нязменна на ўсіх выбарах, аб чым я пісаў у ЦВК скаргі на ўсіх ранейшых выбарах, і толькі на гэтых выбарах сярэдняя школа № 16 і гімназія № 2 абмяняліся двумя сваімі сябрамі сваіх нязменных камісій. Так не павінна быць. Залежнасць ад дырэктара (ён жа і старшыня камісіі ці намеснік) не дазволіць сябрам камісій выказаць нязгоду з лічбамі ў выніковым пратаколе пасля падліку галасоў на выбарчым участку. У выніку атрымліваецца, што ўчастковыя выбарчыя камісіі створаны ўладай з прадстаўнікоў аднаго кандыдата – кандыдата ад улады. На што тады разлічваць астатнім кандыдатам? І няважна, якая колькасць іх будзе, у іх ніколі не будзе надзеі быць абранымі законным чынам пры такім раскладзе".

Што адказала назіральніку Лідзія Ярмошына?

Старшыня ЦВК не бачыць праблемы ў тым, што работнікі адной арганізацыі могуць уваходзіць у склад участковай выбарчай камісіі, пры ўмове калі яны вылучаныя рознымі суб’ектамі – рознымі грамадскімі аб’яднаннямі, працоўным калектывам, выбаршчыкамі, якія пражываюць на тэрыторыі ўчастка. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае абмежаванняў па гэтым пытанні.

“Ваша меркаванне пра тое, што члены ўчастковай камісіі неаб’ектыўныя ў сувязі з тым, што камісію ўзначальвае іх кіраўнік па месцы працы, заснаванае на здагадках, – паведамляе назіральніку Ярмошына. –Той факт, што ў Вас не прынялі скаргу, кажа пра праяўленне непрафесіяналізму кіраўніцтва ўчастковай камісіі. Разам з тым у цяперашні час прыняць якія-небудзь меры ў адносінах да асоб, вінаватых у сітуацыі, якая здарылася, немагчыма, паколькі галасаванне завяршылася 17 лістапада, і паўнамоцтвы ўчастковых камісій у адпаведнасці з часткай другой артыкула 44 Выбарчага кодэкса спынены адразу пасля падліку галасоў”.

Сяргей Гоўша накіраваў у ЦВК кароткую рэфлексію, у якой выказаў стваё стаўленне да атрыманай адпіскі:

“Я ведаю аб тым, што камісія парушыла закон і Вы гэта пацвердзілі, але  будуць выбары ў наступным годзе і гэтых парушальнікаў закону нельга зноў дапускаць у камісіі, але калі вы на гэта так проста рэагуеце і не паведамілі аб прынятых мерах у адносінах да іх, дык усё паўторыцца зноў і зноў. А я ў гэтым амаль упэўнены”.   

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары