Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Для тых, хто чытае па-беларуску, выбары яшчэ не наступілі

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала на электронны зварот юрыста кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Паўла Сапелкі наконт адсутнасці на сайтах выканкамаў банера "Выбары 2019" на беларускай мове.

Нагадаем, што на мінулым тыдні ён звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам з просьбай дапоўніць Пастанову ЦВК №27, якая рэгулюе стварэнне рубрык «Выбары-2019» на сайтах органаў мясцовай улады, узорам банера на беларускай мове і прасачыць за яго выкананнем.

У адказе за подпісам Лідзіі Ярмошынай паведамляецца, што прыняцце пастановы цалкам на рускай мове ніяк не супярэчыць заканадаўству аб дзяржаўных мовах. Акрамя таго, закон не абавязвае дзяржорганы да суцэльнага дублявання на дзвюх мовах ўсёй інфармацыі і малюнкаў, у тым ліку якія датычацца выбараў.

На думку старшыні ЦВК, зацвярджэнне банера "Выбары 2019" на рускай мове не замінае яго перакладу на беларускую мову для беларускамоўных варыянтаў сайтаў мясцовых органаў улады па іх жаданні. У якасці прыкладу Лідзія Ярмошына прыводзіць сайт Мінскага аблвыканкама, дзе ўжо размешчаны банер "Выбары 2019" на беларускай мове.

Такім чынам, Цэнтрвыбаркам не бачыць падстаў для ўнясення дапаўненняў у Пастанову № 27.

Павел Сапелка не здзіўлены такім адказам Цэнтрвыбаркама, які ў чарговы раз спасылаецца на далёка не самае дасканалае беларускае заканадаўства.

Павел Сапелка

«Я і не спрачаюся, што наша заканадаўства не абавязвае дубляваць ўсю інфармацыю, у тым ліку адносна выбараў. Яно, наша заканадаўства, не абавязвае паважаць права грамадзян гаварыць і чытаць на роднай мове, паказваць назіральнікам на выбарах бюлетэні, завяраць для іх копіі пратаколаў. Мы гэтыя законы крытыкуем. Яшчэ закон не абавязвае заганяць настаўнікаў у камісіі, а студэнтаў на галасаванне; не абавязвае сябраў камісій фальсіфікаваць даныя аб яўцы, а дзяржпрадпрыемства - напаўняць выбарчыя рахункі праўладных прызначэнцаў. Закон не вучыць працы з лічбамі, шматхадовым прыёмам па-за межамі выбарчага ўчастка, пра якія калісьці абмовілася Л. Ярмошына».

На думку Паўла Сапелкі, банер на беларускай мове не вызначае ход выбарчай кампаніі, гэта толькі маленькі штрых ў карціне павагі да ўласнага народу. Юрыст дзеля цікавасці праверыў, ці змянілася сітуацыя за апошнія дні на іншых сайтах мясцовай выканаўчай і распарадчай улады.

Так, у той час як Мінскі аблвыканкам банер пераклаў і размясціў, раённыя выканкамы - не пераклалі і не размясцілі. На беларускай версіі сайта Гродзенскага аблвыканкам па-ранейшаму стаіць рускамоўны банер, а на беларускай старонцы Гомельскага аблвыканкама рубрыка «Выбары» наогул адсутнічае. Такая ж сітуацыя на сайце Магілёўскага аблвыканкама (затое ёсць банер «Выбары» на кітайскай мове). У выдатніках - Віцебскі аблвыканкам, дзе атрымалася і перакласці, і размясціць. Але на сайтах райвыканкамам для тых, хто чытае на беларускай, выбары яшчэ не наступілі.

Скрыншт з сайту Магілёўскага аблвыканкаму
Скрыншт з сайту Магілёўскага аблвыканкаму

"Можа ім мастацка-літаратурны густ не дазваляе змешваць беларускі тэкст з эталонным банэрам, ці там яшчэ не ведаюць, што ў эталон можна ўносіць праўкі?" - здзіўляецца Павел Сапелка.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары».


Каментары