Пружанскі райвыканкам раптоўна “лібералізаваў” рашэнне па месцах для збору подпісаў
Тыдзень таму на сайце кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” выйшла публікацыя, у якой адзначаліся даволі жорсткія ўмовы па месцах для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ў Пружанскім раёне. Але мясцовы райвыканкам раптоўна змяніў сваё рашэнне.
Так, раней, паводле Пастановы "Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаў з мэтай збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты”, дзейнічала забарона ладзіць пікеты на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў райвыканкаму і раённага Савета дэпутатаў, адміністрацыйных будынкаў сельскіх выканаўчых камітэтаў, суда Пружанскага раёна, аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ваеннага камісарыята, аддзела Дэпартамента аховы. Таксама было цалкам забаронена збіраць подпісы на тэрыторыі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, на тэрыторыі чыгуначнага і аўтавакзалаў, у пасажырскім транспарце, на пасадачных платформах і прыпыначных пунктах.
Такое рашэнне выглядала даволі жорсткім у параўнанні з рашэннямі па суседніх раёнах – Івацэвіцкім і Бярозаўскім, дзе колькасць “забароненых” будынкаў значна меншая, а адлегласць, бліжэй за якую забаронена пікетаваць, складае 20 метраў.
І вось літаральна на бягучым тыдні (пасля другога верасня) рашэнне Пружанскага райвыканкама было абноўлена, хоць яно па-ранейшаму датуецца 26-ым жніўня. Колькасць абмежаванняў месцаў для збору подпісаў у ім істотна зменшылася. Зараз забарона дзейнічае толькі для тых месц, што знаходзяцца на адлегласці менш за 20 метраў ад будынкаў райвыканкаму і Савета дэпутатаў, адміністрацыйных будынкаў сельскіх выканаўчых камітэтаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.