Папярэджанні працягваюць сыпацца на голавы вылучэнцаў у кандыдаты з-за лозунга "Лукашэнка павінен сыйсці"
Вылучэнцу ў кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміру Няпомняшчых 20 верасня выбарчая камісія Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 33 вынесла папярэджанне.
Па інфармацыі назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктара Адзіночанкі, фармальнай падставай для такога рашэння з’явілася інфармацыя ад РАУС Цэнтральнага раёна г. Гомеля аб тым, што Няпомняшчых пад час пікету па зборы подпісаў выкарыстоўваў стэнды з надпісам "Лукашэнка павінен сыйсці".
Вылучэнец тлумачыў сябрам камісіі, што гаворка ідзе не пра ягоны стэнд і паказваў фота свайго.
Старшыня АВК №33 Вольга Дацэнка спрабавала давесці, што размова ідзе не пра тое, што Нямомняшчых нешта парушыў, а што трэба выконваць выбарчае заканадаўства.
Фармулёўка была прыкладна такой: "Предупредить о необходимости неуклонного соблюдения пункта 12 Постановления ЦИК № 24".
Нагадаем, 15 верасня 2019 года ў Гомелі прайшоў сумесны перадвыбарчы пікет двух прэтэндэнтаў у кандыдаты: ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі Народная Грамада. Планаваная сустрэча прэтэндэнтаў у кандыдаты з выбаршчыкамі прайшла практычна ў цэнтры города на адкрытай пляцоўцы перад універмагам “Гомель”.
Дарэчы, яшчэ адзін прэтэндэнт ў кандыдаты Андрэй Пуканаў, які ў той дзень таксама ладзіў пікет побач з камандай Няпомняшчых. запрошаны на паседжанне акруговай выбарчай камісіі Гомельскай-Прамысловай выбарчай акругі № 35, якое адбудзецца ў суботу, 21 верасня.
Няцяжка здагадацца, што вылучэнца таксама чакае папярэджанне за парушэнне выбарчага заканадаўства.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.