Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Камісія vs Назіральніца: хто каго?

Парламенцкая выбарчая кампанія набірае абароты, назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” працягваюць назіраць за ходам выбарчага працэса з першага яе дня. За выбарчым працэсам на Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 у Мінску назірае назіральніца кампаніі Наталля Сацункевіч. Яна вылучылася ў назіральніцы шляхам збору подпісаў. За гэты час яна паспела зафіксаваць каля дзесятка парушэнняў Выбарчага кодэкса. А да дня выбараў яшчэ больш месяца — 47 дзён. 

sacunkevich_minsk.jpg
Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Фота: spring96.org

У асноўным, усе інцыдэнты тычацца парушэння прынцыпа галоснасці і публічнасці выбараў. Наталля Сацункевіч абскардзіла ўсе парушэнні камісіі Чкалаўскай выбарчай акругі №96. Старшынёй камісіі з’яўляецца Дзмітрый Ігаравіч Страздзін. Дарэчы, на выбарах 2016 года ён старшынстваваў на камісіі па акрузе, дзе прайшла Ганна Канапацкая.

Якія інцыдэнты паспела зафіксаваць назіральніца?

1. Праблемы з доступам на пасяджэнні камісіі

Усё пачалося з першага пасяджэння выбарчай камісіі па гэтай акрузе, якое адбывалася ў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска. Тады, 3 верасня, яна не патрапіла на значную частку пасяджэння. Назіральніцу папрасілі выйсці з пакоя, дзе адбываецца пасяджэнне на 15 хвілін. За гэты час былі абраныя старшыня, намеснік і сакратар камісіі.

Назіральніца абскардзіла дзеянні сябраў камісіі ў Мінскую гарадскую кімісію і Цэнтральную камісію. Вынік: парушэнняў заканадаўства няма, як і парушэнняў правоў назіральніцы.

2. Забарона ажыццяўлення фота-, відэаздымкі і аўдыёзапісу падчас пасяджэнняў

Назіральніца звярталася нават пісьмова да камісіі, каб ёй дазволілі весці фотаздымку, аўдыё, -відэазапіс. Заяву разглядалі на пасяджэнні камісіі, намеснік старшыні Геннадзь Вульфавіч Шэбес прапанаваў адмовіць у просьбе на той падставе, што нібы “ў фоташопе можна зрабіць карцінку камісіі і з кандыдатамі, а потым яе выкарыстоўваць як агітацыю. А назіральнікам нельза агітаваць выбаршчыкаў паводле ВК”. Такім чынам, ёй было адмоўлена.

На скаргі назіральніцы Мінская гарадская выбарчая камісія растлумачыла, што праводзіць фота-, аўдыё- і відэаздымку на пасяджэннях АВК дазваляецца толькі журналістам СМІ. Назіральнік можа зрабіць некалькі патрэбных яму фотаздымкаў, але ў выключных выпадках і з дазволу старшыні камісіі.

3. Перашкоды ў азнаямленні з дакументамі камісіі

Негледзячы на тое, што асноўным прынцыпам выбарчага працэсу з’яўляецца публічнасць і адкрытасць, назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” час ад часу паведамляюць аб перашкодах з боку камісій у азнаямленні з дакументамі, якія адлюстроўваюць ход выбараў.

Назіральніцы Наталлі Сацункевіч апошні раз, напрыклад, далі азнаёміцца з дакументамі толькі з рук сябраў камісіі.

“12 верасня я наведала камісію, каб азнаёміцца з пратаколам паседжання за 10 верасня, паколькі не прысутнічала на ім. У памяшканні дзяжурыла сябра камісіі Екацярына Мільгуй. Яна сказала, што ёй трэба патэлефанаваць і запытаць, ці можна паказаць пратакол. Прыйшла Таццяна Петрашкевіч, якая з’яўляецца кіраўніцай аддзела арганізацыйна-кадравай працы Адміністрацыі і з’яўляецца сакратаркай па іншай камісіі — АВК па Кастрычніцкай акрузе №97.

Яна сказала дзяжурнай, каб тая дастала пратакол пасяджэння з сейфа і паказала яго са сваіх рук. Калі я знайшла памылку ў пратаколе, то сакратарка іншай камісіі асабіста выкрасліла асадкай памылку. Я запытала ў Петрашкевіч, хто яна і на якой падставе адказвае на мае пытанні і агулам, па сутнасці, ажыцяўляе кіраўніцтва камісіі. Яна сказала, што з’яўляецца “каардынатарам і ўсё ведае”, — распавядае назіральніца.

У скарзе да Мінскай гарадской выбарчай камісіі Сацункевіч прасіла патлумачыць паўнамоцтвы Таццяны Петрашкевіч і пазначыць, дзе дакладна апісаны функцыі каардынатара ў выбарчым працэсе. Але назіральніцы адказалі, што і тут няма ніякіх парушэнняў заканадаўства. А сама Таццяна Петрашкевіч заходзіла ў АВК №96, каб даць кансультацыю па рэсурсу “Выбары-2019”.

4. Прысутнасць на пасяджэннях камісіі “левых” людзей

Гэта не адзіны выпадак, калі назіральніца фіксавала прысутнасць старонніх людзей, якія нейкім чынам уплывалі на працу Чкалаўскай выбарчай акругі №96.

На першым пасяджэнні камісіі пасля абрання старшыні, намесніка старшыні і сакратара,  высветлілася, што адна з прысутных жанчын не з’ўляецца сябрам гэтай камісіі. Пасля таго, як узнялі гэтае пытанне, яна сыйшла ў сваю камісію — АВК па Кастрычніцкай акрузе №97.

“Імя і прозвішча жанчыны мне не вядомы. Гэта жанчына па сутнасці на незаконых падставах удзельнічала ў выбарах кіраўнікоў камісіі. Лічу гэта парушэннем Выбарчага кодэкса”, — распавядае назіральніца.

Абскарджванне гэтага інцыдэнта зноў такі не дало ніякіх вынікаў. Мінская гарадская камісія адказала, што “прысутнасць сябра адной выбарчай камісіі на пасяджэнні іншай заканадаўствам не забараняецца”. Не ўбачыла парушэнняў у гэтым і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

5. Непаважлівыя стаўленні сябраў камісіі да назіральнікаў

“Падчас другога пасяджэння, 5 верасня, старшыня камісіі Страздзін дазваляў сабе некарэктныя выказанні і паводзіны ў адносінах да мяне. У тым ліку, ён сказаў, што пакіне мяне замест вартаўніка ў будынку Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, таму што я задаю пытанні і прашу паказаць пратакол пасяджэння”, — распавядае Наталля.

Мінская гарадская выбарчая камісія на скаргу назіральніцы адказала, што сябрам камісіі пазначана на этычныя паводзіны пры правядзенні пасяджэнняў. Але пра тлумачальную гутарку аб неабходнасці карэктных паводзін і выказванняў, пра якую прасіла назіральніца, нічога не сказана. Ды ўвогуле, са словаў назіральніцы, няма інфармацыі, ці праводзіла камісія насамрэч праверку, ці апытвалі сябраў камісіі.

6. Вядзенне справаводства камісіі з памылкамі

Наталля Сацункевіч адзначае, што ў справаводстве АВК па Мінскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 прысутнічаюць шматлікія памылкі і недакладнасці. Сярод якіх, напрыклад, непраўдзівае пазначэнне прысутнасці назіральніцы на пасяджэнні 10 верасня. Яе там не было.

Акрамя гэтага, рашэнні камісіі маюць сумесь беларускай і рускай мовы. І гэтыя дакументы не выпраўлены на сайце Адмінітрацыі да сённяшняга дня.

Як пазначала назіральніца ў скарзе, такія выпадкі сведчаць аб недастатковай прафесійнай і ўважлівай працы камісіі і ў далейшым могуць прывезці да парушэнняў Выбарчага кодэкса. Мінская ГВК запэўніла назіральніцу, што сябрам камісіі па Мінскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 паказана на выкананне патрабаванняў па вядзенні справаводства і ўнясенні дакладнай інфармацыі пра прысутных і адсутных сябраў камісіі, а таксама назіральнікаў. Дадаткова камісія паведаміла, што гэтая інфармацыя даведзеная да ўсіх акруговых выбарчых камісій горада Мінска.

7. Ігнараванне абавязку сябраў камісій і дзяжурных насіць бэйджы

Наталля Сацункевіч заўважыла, што ні сябры камісіі, ні дзяжурныя не носяць бэйджы са сваімі прозвішчамі. Такі абавязак прадугледжаны Практычным дапаможнікам (п.2.4), зацверджанным Цэнтральнай выбарчай камісіяй, дзе напісана, што “чальцы камісіі абавязаны насіць бэйджы падчас дзяжурств і пасяджэнняў камісіі”. Гэта з'яўляецца часткай празрыстасці і адкрытасці выбарчай кампаніі, і спрашчае працэс камунікаціі.

Наталля Сацункевіч зрабіла пісьмова заўвагу сябрам камісіі па Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 г. Мінска. Аднак адказ старшыні камісіі Д. Страздзіна здзівіў назіральніцу, бо акрамя вызначэння паняцця “бэйдж”, у ім не змяшчалася, па вялікім рахунку, больш нічога.

Мінская гарадская выбарчая камісія паведаміла, што “інфармацыя аб неабходнасці наяўнасці бэйджаў пры дзяжурствах і на пасяджэннях даведзена сябрам камісіі”. Але інфармацыі пра прынятыя меры няма.

8. Адказ на скаргі не на мове зварота

Адметна тое, што назіральніца накіроўвае ўсе скаргі на беларускай мове. У Законе «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» прадугледжваецца, каб пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты даваліся на мове звароту. Але акруговая выбарчая камісія Чкалаўскай выбарчай акругі № 96 і Мінская гарадская выбарчая камісія ў супярэчанне Закону пачалі адказваць на скаргі на расійскай мове. Дарэчы, першыя адказы на скаргі былі на беларускай мове. І гэта не выклікала ніякіх праблемаў.

Як растлумачыла (!на беларускай мове) назіральніцы старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, ніякага парушэння тут няма, бо выбарчыя камісіі не маюць статусу арганізацый, пра які гаворыцца ў Законе.

“Тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі ўтвараюцца на перыяд выбарчай кампаніі і выконваюць свае функцыі на грамадскіх пачатках. У сувязі з гэтым няма падставаў казаць пра парушэнне заканадаўства акруговай і тэрытарыяльнай выбарчымі камісіямі пры выкладанні адказу не на мове звароту, а таксама ставіць пытанне аб прыцягненні да адказнасці”, — паведаміла Ярмошына.

Назіральніца Наталля Сацункевіч працягвае назіраць за ходам выбарчай кампаніі і абскарджваць усе інцыдэнты.

"Я накіроўваю ўсе скаргі не таму, што мне няма чаго рабіць, ці хачу выйграць намінацыю "Скарга года". Рэчы, пра якія я пішу ў камісіі, павінны быць выпраўлены і не адбывацца надалей. Мяне асабіста вельмі турбуюць усе парушэнні выбарчага працэса, таму што гэта сурьёзныя рэчы, якія ўплываюць на нашу дзяржаву і грамадства. Выбарчыя камісіі павінны падрабязна ведаць і, самае галоўнае, выконваць законы і інструкцыі, па якім яны працуюць. Выкананне заканадаўства — першы крок да свабодных і дэмакратычных выбараў", — пракаментавала назіральніца.

Зазірні за кулісы выбараў. Стань назіральнікам разам з намі!

Кампанія незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвяшчае набор назіральнікаў за галасаваннем падчас парламенцкіх выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары