Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Недахопы ў афармленні ініцыятыўнай групы не з’яўляюцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі?

Леанід Свецік. Фота: budzma.by
Леанід Свецік. Фота: budzma.by

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Свецік звярнуўся ў аддзел унутранных спраў Чыгуначнага раёна г. Віцебска і пракуратуру г. Віцебска з заявай, у якой прасіў правесці праверку на прадмет наяўнасці складу правапарушэння ў дзеяннях членаў акруговай камісіі Віцебскай-Чыгуначнай акругі №19 пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па сбору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння Вольгі Каравашкінай кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У выпадку выяўлення парушэнняў дзеючага заканадаўства назіральнік прасіў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці членаў акруговай камісіі за незаконную рэгістрацыю ініцыятыўнай групы прэтэндэнткі па арт. 9.10 КаАП "Парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, аб адклiканнi дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян".

У сваю чаргу АУС Чыгуначнага раёна перанакіраваў заяву Леаніда Свеціка для разгляду па сутнасці ў адміністрацыю гэтага ж раёна г. Віцебска, а пракуратура – у абласную выбарчую камісію.

І вось назіральнік атрымаў адказы.

Так, старшыня Віцебская абласной выбарчай камісіі Хома Д. адказаў Леаніду Светіку, што яго заява была разгледжаная і было ўстаноўлена, што акруговая камісія, вывучыўшы прадстаўленыя Вольгай Каравашкінай дакументы, прыняла рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, так як палічыла, што дапушчаныя недахопы ў афармленні спісу членаў ініцыятыўнай групы не могуць з’яўляцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі.

Пры гэтым выбарчае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці адмены рашэння аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Адміністрацыя Чыгуначнага раёна г. Віцебска таксама разглядзела заяву Леаніда Свеціка і накіравала назіральніку пастанову аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да членаў акруговай камісіі №19. У пастанове адзначаецца, што былі запатрабаваныя матэрыялы з камісіі, з якіх вынікае, што сапраўды на паседжанні камісіі былі разгледжаныя дакументы, пададзеныя Вольгай Каравашкінай для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, дзе былі выяўленыя недахопы: спіс членаў группы пададзены ў рукапісным выглядзе, што парушае арт. 65 Выбарчага кодэкса, прадстаўленыя недаставерныя пашпартныя дадзеныя самой Вольгі Кравашкінай, а таксама неправільна ўказаны яе адрас пражывання. На паседжанні прэтэндэнтка на дэпутатскае крэсла патлумачыла, што прадаставіла недакладныя дадзеныя памылкова. Камісія адзінагалосна вырашыла, што парушэнні не з’яўляюцца істотнымі, і прыняла рашэнне зарэгістраваць ініцыятыўную групу грамадзянаў па сбору подпісаў у падтымку Вольгі Каравашкінай, а саму патэнцыйную кандыдатку папярэдзілі пра неабходнасць выканання нормаў выбарчага заканадаўства.

“З улікам вышэйзгаданых абставінаў у дзеяннях членаў камісіі не ўгледжваецца дзеяў, адказнасць за якія ўстаноўленая арт. 9.10 КаАП”, - падкрэсліваецца ў адказе.  

На гэтай падставе адміністрацыя Чыгуначнага раёна г. Віцебска вырашыла справу аб адміністрацыйным правапарушэнні спыніць.

Леанід Свецік адзначае, што ён выкарыстаў усе магчымасці, каб прыцягнуць да адказнасці членаў АВК №19 за парушэнне выбарчага заканадаўства, і справа нават ужо не ў асобна ўзятым кандыдаце, а ў тым, што на практыцы назіральнік праверыў правапрымяненне артыкула 9.10 КаАП.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары