Абскарджванні, суды і зняццё кандыдатураў на Віцебшчыне
Паводле інфармацыі назіральніцы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірыны Траццяковай у Віцебскую абласную выбарчую камісію было пададзена не менш як 13 скаргаў на нерэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты.
Частка скаргаў была накіраваная ў сувязі з адмовай у рэгістрацыі кандыдатам, што вылучаліся ад Руху «За свабоду», у тым ліку і тымі кандыдатамі, якія падаваліся на рэгістрацыю двума шляхамі і былі зарэгістраваныя ад палітычнай партыі. Напрыклад, Аляксей Гаўруцікаў, Вольга Дамаскіна, Уладзімір Сіманковіч вылучаліся не толькі ад Руху, але і ад партыі БНФ.
Пасля разгляду скаргі абласной камісіяй толькі адзін заяўнік быў адноўлены кандыдатам па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 – гэта начальнік сектара кадравай і прававой работы філіяла «Ваенсервіс» РУП «Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны» Юры Мельнікаў, які вылучаўся шляхам збору подпісаў грамадзян.
Гэтак жа Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі Наталлі Шарыпа, Аляксея Гаўруцікава, Генадзя Трубача, Сяргея Чапроўскага, Алены Фаміной і Уладзіміра Сіманковіча. Усім заяўнікам было адмоўлена ў задавальненні скаргаў.
Па скарзе Уладзіміра Сіманковіча, які абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ад Руху «За свабоду», вынесенае рашэнне аб спыненні справы з-за непадведамнасці суду, так як акруговая камісія ўхілілася ад разгляду заявы Сіманковіча ад Руху і не выносіла рашэння аб адмове ў рэгістрацыі па гэтай падставе.
Дырэктар ТАА «Белпрамідэя» Сяргей Чапроўскі, які вылучаўся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў па Пастаўскай выбарчай акрузе №29, звярнуўся з хадайніцтвам у АВК і прасіў даць яму копіі дакументаў ўсіх падпісных лістоў, актаў, пратаколаў, заключэнняў экспертаў, усіх тлумачэнняў выбаршчыкаў, узорнага почырказнаўчага матэрыялу 125 выбаршчыкаў для правядзення экспертызы і іншых дакументаў, якія маюць дачыненне да адмовы ў яго рэгістрацыі.
Аднак АВК Пастаўскай акругі адказала, што хадайніцтва не падлягае задавальненню, бо скаргі на дзеянні акруговых камісій разглядаюцца па правілах вядзення па справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносінаў.
«Суд правярае законнасць і абгрунтаванасць дзеянняў дзяржаўных органаў, арганізацый і службовых асобаў, дзеянні (бяздзеянне) якіх абскарджваецца, а ў выпадках, прадугледжаных законам, - толькі іх законнасць. Дзяржаўныя органы, арганізацыі і службовыя асобы абавязаныя прадставіць суду матэрыялы, якія паслужылі падставай для адпаведных дзеянняў (бяздзейнасці)», - адзначаецца ў адказе старшыні камісіі Г. Касцень.
Копіі дакументаў Сяргею Чапроўскаму не далі, але паабяцалі прадставіць арыгіналы ў суд.
Падчас жа судовага разбору па справе было ўстаноўлена, што больш за 15 працэнтаў подпісаў ад агульнай колькасці правераных подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах па вылучэнні Чапроўскага кандыдатам у дэпутаты прызнаныя несапраўднымі. На падставе гэтага Віцебскі абласны суд адмовіў у задавальненні скаргі кандыдату.
Акрамя таго, стала вядома, што некалькі кандыдатаў ужо знялі свае кандыдатуры: дырэктар Гімназіі № 2 г. Віцебска Канстанцін Кісялёў, які вылучаўся працоўным калектывам па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе № 19, член Ліберальна-дэмакратычнай партыі Віталь Фамін, вылучаўся гэтай жа партыяй па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20 і Канстанцін Смолікаў, які ішоў на выбары ад Партыі БНФ па Гарадоцкай акрузе №21.
Тым часам кандыдаты ўжо пачынаюць агітацыйныя кампаніі: выступаюць на тэлебачанні і ў радыёэфіры, рэгіструюць сваіх давераных асобаў, адкрываюць выбарчыя фонды, запісваюцца на дэбаты. Па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17 дэбатаваць будуць сябра партыі БНФ Аляксандар Ільінец і член ЛДП Сяргей Рысеў, а па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 - сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ірына Яскевіч і член ЛДП Юрый Ягоранкаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале