Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Раённыя сайты Берасцейшчыны працягваюць публікаваць негатыўныя артыкулы пра апазіцыю

На праўладных раённых сайтах Брэсцкай вобласці працягваецца публікацыя артыкулаў негатыўнага характару пра кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі.

Так, на навінавам сайце Жабінскага раёна “Сельская праўда” 28 кастрычніка быў надрукавы ліст нібыта ад жыхара Іванава – “пенсіянера і краязнаўцы, які жыве праблемамі сваёй Айчыны”. У лісце з нейтральнай назвай “Парламенцкій выбары ў Беларусі” змешчана рэзкая крытыка выступу на тэлебачанні ўжо былой кандыдаткі БНФ, актывісткі “Еўрапейскай Беларусі” Паліны Шарэнда-Панасюк. Аўтар абураецца яе патрабаванню закрыць Астравецкую АЭС і “антыканстытуцыйным заклікам”, на якія “ўлады не маюць права заплюшчваць вочы”. 

Сайт lnc.by (“Лунінецкія навіны”) таксама не застаўся ў баку ад таго, каб “зачапіць” кагосьці з апазіцыйных кандыдатаў. Сёння, 29 кастрычніка, на ім быў апублікаваны верш “Хлопчык і выбары” Сяргея Шэлеста, які аўтар верагодна задумваў як іранічны. У вершы ідзе гутарка пра хлопчыка “Лёньку”, які вярнуўся з Польшчы і вырашыў стаць кандыдатам у дэпутаты. І ў той жа час менавіта па Лунінецкай выбарчай акрузе №13 зараз балатуецца ў дэпутаты сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леанід Дубаносаў, які працуе ў Польшчы. 

Нагадаем, што прыкладна два тыдні таму іншыя праўладныя сайты Берасцейшчыны масава публікавалі і перадрукоўвалі шэраг негатыўных артыкулаў пра ўдзел апазіцыі ў выбарах.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары