Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Смаргоні рашэнне райвыканкаму праўладнага кандыдата не тычыцца?

Рашэннем Смаргонскага райвыканкама ад 2 кастрычніка 2019 года вызначаны памяшканні, у якіх кандыдаты могуць праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі. Пры гэтым памяшканні школ могуць выкарыстоўвацца толькі ў па-за ўрочны час. Аднак закон, на жаль, існуе не для ўсіх кандыдатаў.

Віктар Свіла
Віктар Свіла

Праўладны кандыдат у дэпутаты, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла паведаміў акруговай камісіі, што мае намер 31 кастрычніка правесці сустрэчы ў смаргонскіх школах № 1 і 7. Першая сустрэча пачалася ў школе №1 у 13.00 і мусіла быць скончана ў 14.00.

Яе наведаў назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алесь Дзергачоў. Як ён змог высветліць, паводле раскладу ўрокаў у першыя 35 хвілін сустрэчы мусіў праходзіць шосты урок. Але, як патлумачылі супрацоўнікі школы, урокі былі скарочаны, відавочна, дзеля сустрэчы з праўладным кандыдатам. Паводле згаданага рашэння выканкаму, сустрэчы ў дадзенай школе могуць праводзіцца ў фае. Але госцю-кандыдату быў прадстаўлены кабінет фізікі.

Такім чынам, з дадзенай сітуацыі вынікае, што сустрэча прайшла ва ўрочны час і з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу.

Пасля сустрэчы ў школе №1 Віктар Свіла накіраваўся на сустрэчу з выбаршчыкамі ў школу №7, якая мелася адбыцца з 14.15 да 15.00. Відавочна, таксама ва ўрочны час школы, бо заняткі ў другую змену пачынаюцца там у 13.00.

Між тым у папярэдні дзень Алесь Дзергачоў накіраваў па электроннай пошце зварот у Смаргонскі райвыканкам, у якім прапанаваў прадухіліць згаданыя мяркуемыя парушэнні кандыдатам парадку правядзення сустрэч. Відавочна, зварот быў праігнараваны.

Нагадаем, што яшчэ да рэгістрацыі Віктара Свілы кандыдатам у раённых газетах Астравеччыны з'явіліся артыкулы пра гэтага кандыдата і пад яго аўтарствам. Алесь Дзергачоў палічыў гэта спланаванай органамі ўлады датэрміновай агітацыяй і накіраваў скаргу ў акруговую камісію. Аднак яна не была задаволена. Камісія патлумачыла, што згаданыя матэрыялы былі падрыхтаваны да публікацыі яшчэ летам, але па тэхнічных прычынах апублікаваны толькі ў кастрычніку. То бок размяшчэнне на старонках газет матэрыялаў на працягу тыдня да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Свілы – чыстая выпадковасць.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары