Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Юрыя Мельнікава выкінулі з выбарчай гонкі... з другой спробы

Як паведамляе назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова, 4 і 5 лістапада акруговай выбарчай камісіяй па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 было разгледжана два звароты, накіраваных дырэктаркай філіяла «Ваенсервіс» Ларысай Шыраковай і калектывам супрацоўнікаў гэтага ж прадпрыемства. У іх заяўнікі скардзіліся на нібыта ілжывую інфармацыю, якую распаўсюдзіў у сваім тэле- і радыёзвароце да выбаршчыкаў кандыдат у дэпутаты Юры Мельнікаў - начальнік сектара кадравай і прававой работы філіяла «Ваенсервіс» РУП «Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны».

У прыватнасці ён сказаў, што "у сябе на прадпрыемстве выявіў факты карупцыі з боку свайго кіраўніка; з гэтай нагоды праводзіць праверку Міністэрства абароны, спадзяюся, яно прыме правільнае рашэнне і перадасць матэрыялы ў праваахоўныя органы".

Дырэктарка філіяла Ларыса Шыракова палічыла такія словы кандыдата абразай і паклёпам на свой адрас, супрацоўнікі напісалі аналагічны зварот па радыёэфіру.

Акруговая камісія разгледзела звароты і вынесла два папярэджанні (за кожны выступ асобна) на падставе адказу Мінабароны без подпісаў і пячатак і кіруючыся арт. 47 Выбарчага кодэкса, дзе забараняецца "абраза і паклёп у дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь", хоць Ларыса Шыракова такой не з'яўляецца.

6 лістапада Юры Мельнікаў хацеў абскардзіць рашэнне АВК аб двух вынесеных яму папярэджаннях ў абласную выбарчую камісію, аднак там ён убачыў заяву АВК з просьбай адмяніць яго рэгістрацыю кандыдатам і адпаведныя дакументы абласнога выбаркама пра такое рашэнне.

«Члены камісіі, не даўшы Юрыю Мельнікаву трохдзённы тэрмін на абскарджанне ў судзе рашэнняў, галасуюць за адмену яго рэгістрацыі ў якасці кандыдата. Я зрабіла заўвагу і заклікала даць кандыдату належныя тэрміны на абскарджанне, на што старшыня камісіі адказаў, што хутка пачнецца выбарчая кампанія ў частцы галасавання, а дзеючы дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і член камісіі Аляксандр Дзядзінкін прапанаваў абскардзіць Мельнікаву "усё разам потым"», - адзначыла назіральніца.

Юры Мельнікаў ўсё ж мае намер звярнуцца ў суд.

Нагадаем, кандыдат у дэпутаты Юры Мельнікаў вылучаўся па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 шляхам збору подпісаў грамадзян і адразу не быў зарэгістраваны АВК з-за недакладнасці подпісаў. Пасля абскарджання ў абласную камісію ён адзіны, хто быў усё ж зарэгістраваны па рашэнні гэтай камісіі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары