Крэатыў і дзіўныя пагрозы. Другі дзень датэрміновага галасавання
Па дадзеных ЦВК, ужо ў першы дзень датэрміновага галасавання на парламенцкіх выбарах бюлетэні атрымалі больш за 322 тысячы выбаршчыкаў (4,69%). І гэта болей, чым было ў першы дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў 2016 года.
Сапраўды, працэнт даволі высокі. І за яго Цэнтрвыбаркам, у першую чаргу, мусіць падзякаваць адміністрацыі вузаў, каледжаў, кіраўнікоў інтэрнатаў і канешне вельмі "адказных" куратараў і старастаў студэнцкіх груп. Бо менавіта яны прыкладаюць вялізныя намаганні, каб студэнты прыйшлі галасаваць датэрмінова.
Датэрміновае галасаванне стартуе з "загонаў". Дадавайце свае гісторыі
Вашай увазе - падборка паведамленняў пра студэнцкія "загоны" і непасрэдна выпадкаў прымусу да галасавання за 13 лістапада (другі дзень датэрміновага галасавання).
Жыхароў інтэрната №10 Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта пужаюць візітам рэктара да тых, хто не прагаласуе датэрмінова (інфармацыя з каналу "Выбары. Беларусь")
У Бабруйскім дзяржаўным тэхналагічным каледжу заганяюць на ўчасткі вельмі ветліва.
Але ж у БДУФК некаторыя абяцаюць "праблемы". Пры гэтым па заканадаўстве як раз такі праблемы мусяць быць у тых, хто заганяе - за гэта прадугледжана крымінальная адказнасць па двух артыкулах КК РБ (185 (Прымус) і 191 (Перашкода ажыццяўленню грамадзянінам права свабодна абіраць)).
Вельмі эмацыйны куратар (ці стараста) з Палескага ўніверсітэту тлумачыць студэнтам, што калі тыя не пайдуць на ўчасткі, усім будзе не вельмі добра.
У Віцебскім медыцынскім універсітэце тым часам сапраўднае спаборніцтва паміж паверхамі інтэрнату. Чацвёрты паверх - у аўтсайдэрах, а вось восьмы, дзявяты и дзясяты - малайцы!
Ва ўніверсітэце транспарта ў Гомелі хвалююцца, што ў ансоўны дзень усе студэнты не паспеюць прагаласаваць і абяцаюць "плюшкі".
А вось у БДУІРы іншы падыход. Замест праблемаў (то бок пугі) абяцаюць пернікі.
Незалежны назіральнік перадае з участку №12 Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі (участак знаходзіцца ў інтэрнаце Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжу):
"Студэнты ідуць галасаваць, апранутыя не па-восеньску, а ў трыко і іншай вопратцы, у якой людзі звычайна адпачываюць у хаце, і ў хатніх шлёпках. На пытанні назіральнікаў студэнты паведамілі, што ім загадаў прагаласаваць датэрмінова іх куратар групы. Таму яны павыходзілі з інтэрнатных пакояў і накіраваліся на ўчастак. Куратар сказаў ім, што калі хтосьці не прагаласуе датэрмінова, то ў таго будуць знятыя балы, ці што яшчэ страшней, пасля вучобы таго адправяць у… Астравец(!!!). Або такіх студэнтаў перавядуць у групы, дзе вучацца туркмены(!!!)".
Падобны выпадак распавялі і студэнты Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Куратарка групы інфармацыі і камунікацыі вельмі настойліва прапаноўвала студэнтам прагаласаваць датэрмінова. Яна ў сваёй рыторыцы націскала на свядомасць, ужывала фразы кшталту “вы ўжо не маленькія і самыя ўсё разумееце”, і нават выказвала “апасенні”, што ў асноўны дзень галасавання можна будзе не паспець гэтага зрабіць па незразумелых прычынах.
У Магілёве на ўчастке№42 (Магілёўская-Цэнтральная акруга N85) галасавала група студэнтаў МДУ імя Куляшова. 99% выбаршчыкаў, што галасуюць датэрмінова - студэнты гэтага вуза і навучэнцы медыцынскага каледжу, яны ідуць і вялікімі, і малымі групамі.
"Радыё Свабода" даслалі відэазапіс, зроблены на сходзе студэнтаў аднаго з факультэтаў Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ. Куратарка адной з груп першага курсу Аксана Аніскевіч гаворыць студэнтам пра важнасьць удзелу ў выбарах.
«Слухайце ўважліва, гэта сур’ёзнае пытаньне, — кажа Аніскевіч. — Пачалося датэрміновае галасаваньне. 250-я аўдыторыя, 3-і корпус. Вы бераце пашпарты, паўналетнія, і ідзяце туды. З 2 да 4 там перапынак».
У БДМУ папрасілі не проста прагаласаваць датэрмінова, а яшчэ і прыгожа апранцуцца.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у чарговы раз нагадвае, што выбары – гэта права, а не абавязак, і кожны грамадзянін мусіць самастойна абіраць калі і за каго галасаваць. Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі пад час датэрміновага галасавання, калі ласка, тэрмінова паведамляйце назіральнікам: elections2019@spring96.org, Facebook і Тэлеграм-канал праваабаронцаў.