Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аршанскі блогер "Шэры кот" не аднавіў права быць кандыдатам у дэпутаты

Дзьмітрый Казлоў у абласной камісіі
Дзьмітрый Казлоў у абласной камісіі

Віцебская абласная выбарчая камісія 13 лістапада не задаволіла скаргу блогера Дзмітрыя Казлова (Шэры Кот) на рашэнне выбарчай камісіі Аршанскай гарадской акругі №25, якая 8 лістапада пазбавіла яго статусу кандыдата ў дэпутаты. Блогер збіраецца звярнуцца ў абласны суд. Пра гэта паведамляецца на сайце "Віцебскай Вясны".

Нагодай, каб зняць Дзмітрыя Казлова з выбарчай гонкі, быў рапарт начальніка АУС Аршанскага райвыканкаму палкоўніка міліцыі Сяргея Барвянкова, які паведаміў у выбарчую камісію №25 аб тым, што падчас пікетаў кандыдат выкарыстоўваў плакаты з лозунгамі «Калгаснай дыктатуры – баста!» і «Фальшывым выбарам – баста!». За гэтыя плакаты камісія папярэджвала Казлова двойчы, пасля чаго адмяніла сваё рашэнне аб яго рэгістрацыі кандыдатам.

На думку міліцэйскага начальніка, які пісаў рапарт, сваімі лозунгамі Дзмітрый Казлоў заклікаў да байкоту выбараў. Сябры акруговай камісіі №25 скарысталіся тым жа аргументам.

Гэтага аказалася дастатковым і для Віцебскай абласной выбарчай камісіі, сябры якой пасля кароткага абмеркавання адмовіліся аднаўляць блогера ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Не была прынятая да ўвагі аргументацыя Казлова аб тым, што надпісы на плакатах ёсць адлюстраваннем яго палітычных поглядаў і перакананняў. Больш за тое, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам АВК не мае права ўмешвацца ў агітацыйную кампанію і займацца цэнзурай зместу агітацыйных матэрыялаў.

Падчас разгляду скаргі старшыня абласной камісіі Дзмітрый Хома катэгарычна забараніў здымаць працэс яе разгляду. Тады Казлоў выказаў пратэст і, не дачакаўшыся рашэння камісіі, пакінуў залю паседжання.

«Цуду не адбылося. Рашэнне акруговай выбарчай камісіі пакінулі ў сіле. Здымаць працэс абвяшчэння гэтага рашэння мне забаранілі, таму я проста сышоў з залі – прысутнічаць там проста так не мела для мяне ніякага сэнсу», – сказаў блогер адразу пасля прыняцця рашэння абласной выбарчай камісіяй.  

Апошняй інстанцыяй, куды можа звярнуцца Дзмітрый Казлоў, каб аднавіць сваё права балатавацца ў беларускі парламент, застаўся Віцебскі абласны суд. Блогер паведаміў, што збіраецца звярнуцца туды ў найбліжэйшы час.

Нагадаем, што 8 лістапада Казлова некалькі разоў затрымлівалі без складання пратаколу аршанскія міліцыянты. "Шэры кот" мяркуе, што рабілася гэта дзеля таго, каб перашкодзіць яму трапіць у Мінск на сход блогераў, куды заклікаў прыйсці NEXTA. Да сталіцы аршанскі блогер так і не дабраўся.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары