Карта даступнасці выбарчых участкаў Беларусі. Фота
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” аналізуе выбарчыя ўчасткі па беларускіх рэгіёнах на прадмет іх даступнасці для вазочнікаў. Як на парламенцкіх выбарах-2019 забяспечваецца безбар’ернае асяроддзе для людзей з інваліднасцю? Давайце паглядзім.
Мінскі рэгіён
На выбарчым участку №549 у Савецкім раёне г. Мінска зрабілі каля лесвіцы кнопку выкліка для вазочнікаў, перадае назіральнік кампаніі Зміцер Салаўёў. Па выкліку павінны прыйсці валанцёры, якія дапамогуць чалавеку на вазку патрапіць на выбарчы ўчастак.
Адсутнічае безбар’ернае асяроддзе адразу на трох мінскіх участках Мінскай-Заходняй акругі №102. Гэта ўчасткі №389, 390, 391, якія размяшчаюцца ў школе №159.
Як адзначае назіральнік Аляксей Лойка, гэта сведчыць аб немагчымасці рэалізаваць людзям на вазках сваё пасіўнае выбарчае права і права на кіраванне справамі грамадства. Назіральнік звяртаўся на гэты конт у пракуратуру.
Назіральнік просіць пракуратуру правесці праверку па даступнасці выбарчага ўчастка
Вядома, што не абсталяваны для людзей з інваліднасцю ўчастак для галасавання №24 Барысаўскай гарадской выбарчай акругі №62.
“Да гэтага часу не абсталяваны сталы з шырмамі або шырокія кабіны для галасавання людзей з інваліднасцю,” — распавядае назіральнік кампаніі Алег Мацкевіч.
Віцебскі рэгіён
Як перадае назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ірына Траццякова, на Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 на ўчастках для галасавання №61 і 67 адсутнічае безбар’ернае асяроддзе. Участкі размяшчаюцца на кандытарскай фабрыцы “Віцьба”.
“У нас на трэцім паверсе два ўчасткі. З крутой і вельмі вузкай лесвіцай. Спыталі, што ў сітуацыі з вазочнікам тут будзе адбывацца? Старшыня камісіі спакойна адказала: спусцяцца нашыя людзі, перасадзяць вазочніка на крэсла і прынясуць сюды, на трэці паверх”, — распавядае назіральніца.
Таксама яна адзначае, што ўвогуле адсутнічае безбар’ернае асяроддзе ў Медыцынскім універсітэце. Там размяшчаецца ўчастак для галасавання №60.
Назіральніца з Верхнядзвінску Валянціна Болбат перадае, што ўчастак №3 Полацкай сельскай выбарчай акругі №28 таксама не абсталяваны для вазочнікаў. Ён размяшчаецца ў актавай зале філіяла «Аўтобусны парк № 2 г. Полацка».
“Размяшчаецца на другім паверсе. Гэта самы вялікі ўчастак у раёне — 2279 выбаршчыкаў”, — адзначае назіральніца.
На Аршанскай гарадской выбарчай акрузе № 26 на ўчастку №49 таксама адзначаюцца праблемы з даступнасцю.
“Участак размешчаны на трэцім паверсе. Пандусаў няма. Ды нават, калі б захацелі, то тут немагчыма іх усталяваць. На пытанне, як жа галасаваць людзям з інваліднасцю, то сакратарка камісіі адказала, што яны ўсіх узроставых выбарцаў выпісалі і абзванілі — да кожнага прыедуць дадому. А калі нехта захоча прыйсці ўсе ж такі, то ў іх ёсць валанцёры ад БРСМ. Праўда, яны пайшлі на абед, але пры патрэбе занясуць выбарца”, — распавядае назіральнік кампаніі Ігар Казмерчак.
Дарэчы, як піша belsat.eu вядомы выпадкі, калі да людзей прыходзяць сябры ўчастковых камісій ў кватэры са скрынямі для галасавання – хоць ніякіх заявак у выбарчых камісіях ніхто загадзя не пакідаў.
Гомельскі рэгіён
Пра складанасці з безбар’ерным асяроддзем паведамляе і назіральнік кампаніі з Гомеля Андрэй Стрыжак. Так, на Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акрузе №31 участак №29 размешчаны на другім паверсе.
“Сталым людзям вельмі складана забрацца наверх. Што датычна вазочнікаў, то старшыня камісіі сказаў, што доступ будзе праз суседні будынак, але не праз гэтую лесвіцу”, — адзначае назіральнік.
Пры гэтым, на самім участку абсталяваная кабіна для людзей з інваліднасцю, якая забяспечвае таямніцу галасавання.
Паведамляецца пра адсутнасць безбар’ернага асяроддзя і на ўчастку для галасавання №6 Калінкавіцкай выбарчай акругі №41, які размяшчаецца на базе “Калінкавічыводбуд”.
“Тут пандусаў няма. Вазочнікаў пакуль не было. Прыходзіў адзін дзядок, які ледзь перасоўваў ногі. Назад з участка камісія папрасіла буфетчыцу вывесці яго па гэтых прыступках.
Ёсць лупа і трафарэт для кепскавідушчых. З тым самым дзядком заходзіла ў кабіну і галасавалі праз трафарэт”, — распавядае назіральнік кампаніі Андрэй Мядзведзеў.
Складанасці з даступнасцю для вазочнікаў адзначаюцца і на Мазырскай выбарчай акрузе №42 на ўчастку №18.
Назіральнік кампаніі Уладзімір Целяпун распавядае:
“Старшыня камісіі сказала, што калі прыедзе чалавек на вазку, то яго занясуць на ўчастак, а таксама паставяць стол у кабінку. Да вазочнікаў едуць дадому”.
Як паведамляе назіральніца са Светлагорску Алена Маслюкова, выбарчы ўчастак №19 праходзяць пад лозунгам “Выбары даступны ўсім! Вам дапамогуць!”
Таксама Алена Маслюкова адзначае праблемы з безбар'ерным асяроддзем на ўчастку №22 і 23, якія размяшчаюцца на базе сярэдняй школы №11 г. Светлагорску.
Магілёўскі рэгіён
Пра складанасці з доступам для людзей на вазочках перадае і назіральнік кампаніі з Магілёву Аляксей Колчын. На ўчастак №42 Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №85 вазочнік не зможа патрапіць без старонняй дапамогі.
А вось на суседнім участку — №56 больш спрыяльныя ўмовы для людзей з інваліднасцю. Тут бачны спецыяльны пад'езд, кнопка для выкліка дапамогі. Дзверы лёгка адчыняюцца. Як адзначае назіральнік кампаніі Аляксей Колчын, забяспечана безбар'ернае асяроддзе і на ўчастку №43 па гэтай жа акрузе.
На вось на ўчастку №44 на Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №85 не ўсе так проста:
"Галоўны ўваход не прыстасаваны, але ёсць другі таксама, там лепш".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале