Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Начныя прыгоды назіральніка Барыса Бухеля, які здолеў патрапіць на перадачу выніковых пратаколаў

Барыс Бухель. Фота mspring.online
Барыс Бухель. Фота mspring.online

Доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Барыс Бухель, якога ў дзень выбараў выдалілі з участка для галасавання, здолеў патрапіць на перадачу выніковых пратаколаў і іншых дакументаў з участковых выбарчых камісій у акружныя камісіі №№ 86 і 87.

“Цырк. Пракантраляваць нешта немагчыма, акруговыя камісіі нічога не правяраюць, а толькі проста прымаюць у УВК дакументы, пячаткі і інфармацыю пра вынікі галасавання. Уся працэдура займае некалькі хвілін. Сябры УВК прыязджаюць і адразу нясуць апячатаныя пакеты ў кабінеты сваіх АВК, размешчаныя на 1-ым паверсе будынка адміністрацыі Кастрычніцкага р-на г. Магілёва, дзе іх перадаюць без усялякага вопісу, праверкі і распіскі двум сябрам АВК, і адразу ж хутка ідуць на 4- й паверх у актавую залу з адным пратаколам. Пры прыёме дакументаў у кабінетах АВК робіцца адзнака ў спісе УВК. У гэтых кабінетах адсутнічаюць назіральнікі”, - апісвае працэдуру Бухель.

Назіральнік, навучаны папярэднім вопытам, фатаграфаваць пакеты у гэтых кабінетах не стаў, бо мяркуе, што яго маглі б выдаліць з памяшкання. Старшыні УВК тым часам падыходзілі па чарзе да сваіх чальцоў АВК і ціха дыктавалі ім "вынікі галасавання", а тыя хутка ўганялі іх у свае ноуты.

У актавай залі назіральнікаў адсадзілі далей ад сябраў АВК. Бухель стаў выказваць прэтэнзіі, што нічога з такой адлегласці разгледзець немагчыма і стаў фатаграфаваць сябраў і старшынь камісій за працай па прыёме інфармацыі ад УВК. Старшыні дружна пачалі крычаць на назіральніка, што яны забараняюць фатаграфаваць, і што нават назіральнікі АБСЕ нічога не фатаграфуюць.

“Старшыня АВК 86 Аляксандр Кажамякін вырашыў мяне дыскрэдытаваць і стаў казаць назіральнікам ад АБСЕ, што мяне выдалілі з участку і таму я вырашыў адпомсціць.  Я коратка распавёў абсешнікам аб відавочных нашых прэтэнзіях да фарміравання камісій і правядзення галасавання, а потым зрабіў яшчэ пару здымкаў. Старшыня АВК 86 пабег за мною, апярэдзіў і сказаў, што я вяду сябе неадэкватна, і ён скажа супрацоўнікам міліцыі, каб мяне завезлі на агляд. Унізе ён не рызыкнуў выканаць пагрозу і толькі сказаў супрацоўніку міліцыі, каб мяне больш не пускалі”, - распавёў Барыс Бухель.

Нагадаем, 17 лістапада, назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Барыса Бухеля выдалілі з выбарчага ўчастка №59 па Магілёўскай-Прамысловай акрузе №87 за фатаграфаванне.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары