Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ці маюць права назіральнікі на беларускіх выбарах слухаць, глядзець, дыхаць?

Выбарчым кодэксам Беларусі дэкламуецца прынцып адкрытасці і галоснасці пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. У мэтах выканання гэтага прынцыпу ўведзены інстытут назіральнікаў. Артыкул 13 ВК замацоўвае спіс правоў назіральніка і забаронаў. Але назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” працягваюць паведамляць пра перашкоды ў рэалізацыі гэтых правоў падчас назірання за парламенцкай выбарчай кампаніяй.

Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: humanrightshouse.org
Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: humanrightshouse.org

Назіральнік кампаніі Алег Мацкевіч звяртае ўвагу, што ў артыкуле 13 ВК даецца абмежаваны пералік правоў назіральніка. Таму калі назіральнікі заяўляюць хадайніцтва, якое прама не прапісана ў арт. 13 ВК, але вынікае з прынцыпу адкрытасці і публічнасці выбараў, то звычайна ім адмаўляюць.

У апошняй аналітычнай тыднёвай справаздачы па выніках назірання кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаецца, што назіральнікі кампаніі ацэньваюць умовы работы камісій як не заўсёды празрыстыя. Назіральнікі кампаніі, напрыклад, не заўсёды могуць патрапіць на паседжанні акруговых камісій, азнаёміцца з дакументамі камісій ці весці фотаздымку. Гэта ўсё расцэньваецца як перашкоды ў назіранні, а таксама як парушэнне прынцыпу адкрытасці і публічнасці выбараў.

Назіральнікі адстойваюць свае правы праз абскарджанне дзеянняў сябраў камісіі. З пачатку выбарчай кампаніі імі ўжо зафіксаваныя дзесяткі парушэнняў падчас правядзення выбарчай кампаніі-2019. На кожнае парушэнне пададзеная скарга.

Падставай для чарговай, трэцяй, скаргі Алега Мацкевіча ў Мінскую абласную выбарчую камісію стала адмова сябраў Барысаўскай гарадской выбарчай акругі №62 у азнаямленні назіральніка з загадзя раздрукаванным рашэннем аб вынясенні папярэджання актывісту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандру Абрамовічу.

“Калі спіс праваў назіральніка носіць абмежаваны характар, і калі пад увагу сябрамі камісіі не бярэцца прынцып адкрытасці і публічнасці выбараў, і тое, што пералік забаронаў для назіральніка таксама носіць абмежаваны характар, ці маю я права на пасяджэннях камісіі:

  • слухаць,
  • глядзець,
  • дыхаць,
  • круціць галавою,
  • рабіць іншыя падобныя рэчы, якія прама не прапісаныя ў арт. 13 Выбарчага кодэкса?

Вы, магчыма, адкажаце: “Так, Вы маеце на гэта права. Пытацца аб гэтым – неверагоднае глупства. Тое, на што Вы просіце дазвол, — натуральныя з’явы, уласцівыя чалавеку, у тым ліку назіральніку, таму і прасіць аб гэтым не варта”. Але я мушу запярэчыць на такі магчымы адказ. Тое, што Вы можаце назваць “натуральнай з’явай”, уласцівай чалавеку, і ў тым ліку назіральніку, — гэтаксама натуральна, як і адкрыты, публічны, чэсны і справядлівы выбарчы працэс – для цывілізаванага, дэмакратычнага, здаровага грамадства.

Перакананы, што атрымаць назіральніку дазвол сфатаграфаваць матэрыялы справы, згодна з якой вынесенае папярэджанне ініцыятыўнай групе, атрымаць назіральніку магчымасць прачытаць на ўласныя вочы тэкст рашэння аб вынясенні папярэджання ініцыятыўнай групе, атрымаць назіральніку магчымасць весці дыктафонны запіс пасяджэнняў выбарчай камісіі, фатаграфаваць самі пасяджэнні, — гэта натуральна пры правядзенні справядлівых выбараў. З адной простай прычыны: гэтыя дзеянні не выходзяць за рамкі выбарчага працэсу, тычацца толькі выбарчага працэсу, не закранаюць прыватныя і іншыя абароненыя законам інтарэсы ўдзельнікаў выбарчага працэсу”, — адзначае назіральнік кампаніі Алег Мацкевіч.

Адсутнасць падобных перашкодаў у назіранні спрыяе адкрытасці і публічнасці выбарчага працэсу, павышае давер назіральнікаў і выбаршчыкаў да працы камісій, у цэлым – да выбараў.

"Праваабаронцы за с вабодныя выбары".


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары