Фотафакт: АВК абвясціла Юрыя Мельнікава “самазнятым”
Як распавяла назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ірына Траццякова, на выбарчых участках з’явілася аб’ява пра тое, што кандыдатура Юрыя Мельнікава знятая на падставе пісьмовай заявы кандыдата ў дэпутаты, пададзенай 11 лістапада.
Назіральніца выявіла такую аб’яву з подпісам акруговай камісіі Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 на ўчастках 46, 47 і 48.
12 лістапада павінна адбыцца паседжанне Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якім будзе разглядацца скарга Юрыя Мельнікава на рашэнне акруговай камісіі аб адмене ягонай рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Сам кандыдат плануе прымаць удзел у паседжанні ЦВК. Акрамя гэтага Юры Мельнікаў падаў у Віцебскі абласны суд скаргу на рашэнне тэрытарыяльнай выбарчай камісіі аб адмове ў задавальненні скаргаў на вынесеныя раней два папярэджанні, паседжанне суда прызначанае на 13 лістапада.
Назіральніца Ірына Траццякова высветліла ў Юрыя Мельнікава, што ніякай заявы на зняццё сваёй кандыдатуры ён не падаваў. Пры гэтым Выбарчым кодэксам прадугледжаная толькі асабістая падача такіх заяваў, а сябры участковых камісій запэўнілі назіральніцу, што дадзенае распараджэнне было перададзенае АВК №18 ва ўсе ўчасткі акругі.
Мужчына наведаў АВК з мэтай азнаямлення з заявай, якую нібыта “ён падаваў”, але дзяжурны паказаў яму журнал уваходных дакументаў, дзе не было зафіксавана ніякіх заяў ад Мельнікава.
Таксама Ірына Траццякова пабывала і на ўчастках 49, 50 і 51, дзе запыталася пра размяшчэнне аб’явы аб зняцці кандыдатуры Юрыя Мельнікава, на што атрымала адказ ад сябраў камісіі, што яны яшчэ не паспелі раздрукаваць і вывесіць такую інфармацыю, але зранку 12 лістапада абяцалі, што аб’яву павесяць. Сябры камісіі сказалі назіральніцы, што атрымалі загад і абвестку ад самаго старшыні АВК №18 у другой палове 11 лістапада.
Юры Мельнікаў плануе давесці склаўшуюся сітуацыю да сябраў ЦВК на паседжанні.
Нагадаем, начальнік сектара кадравай і прававой работы філіяла "Ваенсервіс" РУП "Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны” Юры Мельнікаў, які вылучаўся па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 шляхам збору подпісаў грамадзянаў, адразу не быў зарэгістраваны АВК з-за недакладнасці подпісаў. Пасля абскарджання ў абласную камісію ён адзіны, хто быў усё ж зарэгістраваны па рашэнні гэтай камісіі. Аднак 4 і 5 лістапада на яго перадвыбарчы выступ у АВК паступілі скаргі ад дырэктаркі яго прадпрыемства Ларысы Шырокавай і калектыва супрацоўнікаў, дзе яны скардзіліся на нібыта ілжывую інфармацыю, якую распаўсюдзіў кандыдат. На падставе гэтых скаргаў акруговая выбарчая камісія вынесла два папярэджанні Юрыю Мельнікаву і вырашыла адмяніць ягоную рэгістрацыю ў якасці кандыдата.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале