Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Валянцін Стэфановіч: У тым, што выбары адбываюцца брудна — вінаватыя не назіральнікі, а тыя, хто іх праводзіць

Валянцін Стэфановіч у студыі Еўрарадыё
Валянцін Стэфановіч у студыі Еўрарадыё

Сёння, 17 лістапада, пасля галасавання на парламенцкіх выбарах на ўчастку ў універсітэце фізкультуры прэзідэнт жорстка пракаментаваў інцыдэнты ў выбаркамах ў рэгіёнах, якія фіксавалі незалежныя назіральнікі.

«Я сказаў спэцслужбам і міліцыі, каб яны цвёрда спынялі падобныя выпадкі. Жорстка — гэта значыць, калі нейкі мудак або прыдурак пачынае кідацца на выбаршчыкаў, сказаць, каб яму ўставілі мазгі так, каб больш гэтага не хацелася», — піша TUT.BY.

Аналітыкі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” расцэньваюць словы кіраўніка краіны як пагрозы да незалежных назіральнікаў. Яны выконвалі свой абавязак незалежнага назірання ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

“Пра рэзанансны выпадак у Брэсце выказваліся і дзяржаўныя СМІ, і старшыня Цэнтрвыбаркама Ярмошына, і прэзідэнт краіны. Сённяшнія словы Лукашэнкі можна расцэньваць як прамы загад разабрацца з гэтым назіральнікам. Хаця мы бачым, што ён дзейнічаў абсалютна законна, карэктна і не дапускаў ніякіх абразаў і выпадаў да той выбаршчыцы, якая прыйшла на ўчастак з староннімі паперамі, якія вельмі нагадваюць бюлетэні. Назіральнік звярнуў увагу старшыні камісіі на гэты інцыдэнт, але ні камісія, ні іншыя не прынялі ніякіх мер. У тым, што выбары адбываюцца брудна — вінаватыя не назіральнікі, а тыя, хто іх праводзіць”, — каментуе сітуацыю аналітык кампаніі Валянцін Стэфановіч.

Сённяшнія словы Лукашэнкі сталі пэўным сігналам для ўчастковых камісій. На працягу ўсяго дня нам паведамлялі, што на розных участкаў Беларусі незалежныя назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і назіральнікі кампаніі “Права выбару” сутыкаюцца з рознымі перашкодамі ў сваёй працы з боку камісій. Некаторыя з іх былі пазбаўленыя акрэдытацыі, як, напрыклад, наш магілёўскі назіральнік Барыс Бухель.

“Калі мы ўбачым рэпрэсіі ў адносінах да назіральнікаў, то будзем рэагаваць на гэта. У такім выпадку мы будзем дапамагаць ім, і інфармаваць пра гэта беларускую і міжнародную супольнасць", — кажа праваабаронца. 

Аналітыкі кампаніі дадаюць, што сітуацыя будзе адсочвацца. Тая, сітуацыя, якая складваецца з незалежным назіраннем у краіне, несумяшчальная з прынцыпамі правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў. Назіранне за выбарамі — адзін з вельмі важных кампанентаў правядзення свабодных выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары