ЦВК і Віцебскі абласны суд адмовілі ў задавальненні скаргаў кандыдата Мельнікава
Скаргі Юрыя Мельнікава, які вылучаўся па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 і быў зняты камісіяй з выбарчай гонкі, разгледзела Цэнтральная выбарчая камісія і Віцебскі абласны суд.
Нагадаем, начальнік сектара кадравай і прававой работы філіяла "Ваенсервіс" РУП "Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны” Юры Мельнікаў адразу не быў зарэгістраваны АВК з-за недакладнасці подпісаў. Пасля абскарджання ў абласную камісію ён адзіны, хто быў усё ж зарэгістраваны па рашэнні гэтай камісіі. Аднак 4 і 5 лістапада на яго перадвыбарчы выступ у АВК паступілі скаргі ад дырэктаркі яго прадпрыемства Ларысы Шыраковай і калектыва супрацоўнікаў, дзе яны скардзіліся на нібыта ілжывую інфармацыю, якую распаўсюдзіў кандыдат. На падставе гэтых скаргаў акруговая выбарчая камісія вынесла два папярэджанні Юрыю Мельнікаву, а ў сваю чаргу Віцебская абласная камісія вырашыла адмяніць ягоную рэгістрацыю ў якасці кандыдата.
12 лістапада ЦВК на сваім паседжанні разглядзела скаргу кандыдата і прыйшла да высновы, што акруговая камісія і Віцебская абласная камісія дзейнічалі ў межах заканадаўства, рашэнні іх былі прынятыя правамерна і не падлягаюць адмене.
“У адпаведнасці з артыкуламі 47, 75 Выбарчага кодэкса перадвыбарная праграма, роўна як і выступы кандыдата ў дэпутаты, не павінны змяшчаць абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь. Пры парушэнні гэтых патрабаванняў акруговая, тэрытарыяльная выбарчая камісія мае права адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата.
Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» Шыракова Л.М. адносіцца да катэгорыі дзяржаўных службовых асобаў, бо займае пасаду, звязаную з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў у арганізацыі, статутнай фонд якой знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы”, - падкрэсліваецца ў рашэнні ЦВК.
На гэтай падставе ЦВК адмовіла Юрыю Мельнікаву ў задавальненні скаргі і пакінула рашэнне Віцебскай абласной камісіі без зменаў.
Што тычыцца Віцебскага абласнога суда, то 13 лістапада там адбылося два паседжанні па скаргах Юрыя Мельнікава на адмову ў задавальненні яго скаргаў Віцебскай абласной камісіяй на вынесеныя яму папярэджанні АВК па зваротах Ларысы Шыраковай і калектыва прадпрыемства, дзе працуе кандыдат. І суддзя Віктар Быстроў, і суддзя Наталля Лях выслухаўшы довады заяўніка, азнаёміўшыся з матэрыяламі справы прыйшлі да заключэння, што Віцебская абласная выбарчая камісія прыйшла да абгрунтаванай высновы аб правамернасці рашэння акруговай выбарчай камісіі, калі вынесла Юрыю Мельнікаву папярэджанні ў сувязі з парушэннем ім выбарчага заканадаўства пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, паколькі звесткі, якія змяшчаюцца ў выступе кандыдата ў дачыненні да кіраўніка філіяла "Ваенсервіс" Ларысы Шыраковай, аб'ектыўнымі доказамі не пацверджаныя.
Па абедзвюх скаргах кандыдата судом былі вынесеныя рашэнні аб адмове ў іх задавальненні.
Фотафакт: АВК абвясціла Юрыя Мельнікава “самазнятым”
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале