Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Участак для галасавання адзін — скаргаў 17

Чацвёрты дзень датэрміновага галасавання не прынёс нічога новага. Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведамляюць аб завышанай яўцы выбаршчыкаў з участкаў для галасавання. Зноў упісаныя ўчастковымі камісіямі ў пратаколы дня дадзеныя аб выдадзеных бюлетэнях не супадаюць з фактычнай яўкай беларусаў на ўчасткі.

Назіральнік кампаніі Аляксей Лойка зноў паведамляе, што щчастковая камісія №390 па Мінскай-Заходняй акрузе №102 15 лістапада завысіла колькасць выдадзеных бюлетэняў больш, чым у два разы. У пратаколе пазначана — 175, фактычная яўка па падліках назіральніка — 79 чалавек. Нявыкарыстаных бюлетэняў па стане на 15 лістапада ў пратаколе — 1515.

Падчас назірання Аляксей Лойка распавядаў пра працэс галасавання на гэтым участку:

"Прыходзяць жанчыны прыкладна аднаго ўзросту 40-50 гадоў, але сёння не так інтэнсіўна, як у папярэднія дні. Жанчыны заходзяць захутаныя ў капюшонах, шаліках, амаль не бачныя твары. Адзін-два толькі падыходзіць да стэнда азнаёміцца ​​з кандыдатамі. Заходзяць вельмі арганізавана па адной. Моўчкі падыходзяць, шэпчуць адрас, бяруць бюлетэнь і ідуць у кабінку, там праводзяць секунд 10 і сыходзяць.

Як я толькі бачыў чаргу з чатырох чалавек на калідоры, дзверы нехта рэзка зачыняў. Быў выпадак, калі адна жанчына прыйшла і сказала, што яна з вуліцы Бельскага, хоць на ўчастку галасуюць толькі пяць дамоў па вуліцы Бурдзейнага. Старшыня ўчастковай камісіі Алена Кульбацкая адразу падскочыла і пачала крычаць, што яе выбарчы ўчастак не ў гэтай школе".

З 79 тых, хто прагаласаваў сёння — 6 мужчын. Дарэчы, старшыня камісіі вельмі ганарыцца тым фактам, што сёння "сваімі нагамі" прыходзіла жанчына 1926 года, а ўчора мужчына 1931 года. Распавядала пра гэта назіральнікам з місіі БДПІЧ АБСЕ і амерыканскім консулам, якія заязджалі на ўчастак. Дакарала назіральніка, што ён гэтага не апублічвае. Пры гэтым, старшыня УВК №390 Алена Кульбацкая не змагла адказаць назіральнікам АБСЕ, як інвалід-вазочнік зможа патрапіць на ўчастак для галасавання. Не змагла яна адказаць і пра тое, як забяспечваецца тайнае галасаванне ля стала для вазочнікаў. Сказала, што гэта не прадугледжана кодэксам.

Назіральнік просіць пракуратуру правесці праверку па даступнасці выбарчага ўчастка

Мы зноў вяртаемся да сярэдняй школы №159. На гэты раз звернем увагу на тое, што ўчасткі для галасавання, якія размешчаны там — №389, №390 і №391, па сутнасці не абсталяваны для інвалідаў-калясачнікаў.

Па выніках чатырох дзён назірання Аляксей Лойка па адным участку для галасавання падаў 17 скаргаў.

У чацверты дзень галасавання, на ўчастку №390, акрамя назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прысутнічалі яшчэ чатыры назіральнікі. Аднак, калі назіральніца АБСЕ спытала ў адной з назіральніц на ўчастку, кім яна вылучана, то тая адказала, што шляхам збору подпісаў. Аднак не змагла назваць з якіх дамоў яе вылучалі людзі і колькі наогул трэба сабраць подпісаў для вылучэння. Традыцыйна ў школе №159 быў арганізаваны канцэрт у калідоры школы каля трох участкаў.

Дарэчы, Аляксей Лойка прасіў у участковай камісіі азнаёміцца ​​са спісам арганізацый, якія вылучылі сваіх назіральнікаў на гэты ўчастак. Аднак спіс нечакана засакрэцілі.

Чытаць таксама матэрыялы пра выбарчыя ўчасткі, дзе назірае Аляксей Лойка:

Першы дзень датэрміновага галасавання: яўка завышаецца больш, чым у 10 разоў

На ўчастку, на якім паведамілі пра высокую яўку выбаршчыкаў, забаранілі фота- і відэаздымку

Фотарэпартаж з “містычнай” школы: забарона фотаздымкі, завышаная колькасць выбаршчыкаў, загоны

Другі дзень датэрміновага галасавання: зноў завышаецца колькасць прагаласаваўшых

Папярэджанне назіральніку за... фота канцэрту ў школе

"Кажа, што мы галоснасцю тут не займаемся". Назіральніку вынеслі два папярэджанні за дзень


“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары