Галерэя парушэнняў на мінскім выбарчым участку
Сёння, 16 лістапада, у Беларусі скончылася датэрміновае галасаванне ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Дзень выбараў прызначаны на 17 лістапада.
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” працягвае сачыць за мінскім выбарчым участкам №390 на Мінскай-Заходняй акрузе №102. Менавіта адтуль мы атрымліваем больш за ўсё інфармацыі пра парушэнні выбарчага заканадаўства. Назіральнік кампаніі Аляксея Лойка падаў ужо каля дзвюх дзесяткаў скаргаў па фактам гэтых парушэнняў. Што гэта за парушэнні?
1. Завышэнне ў пратаколах яўкі выбаршчыкаў
За пяць дзён датэрміновага галасавання на ўчастку №390 сітуацыя выглядае так:
У апошні дзень датэрміновага галасавання, участковая камісія №390 занізіла яўку на адзінаццаць чалавек.
“Магчыма, яны чакалі назіральнікаў БДПІЧ АБСЕ, якія наведваліся ў папярэднія дні. І такім чынам яны хацелі мяне дыскрэдытаваць, падарваць давер АБСЕ да маіх лічбаў. Сапраўды, увага цяпер да гэтага ўчастка вельмі вялікая. Паглядзім, што будзе заўтра – у асноўны дзень выбараў”, – разважае Аляксей Лойка.
Такім чынам, па пратакольным дадзеных у датэрміновым галасаванні на гэтым участку прынялі ўдзел 712 чалавек, тым часам, калі фактычная яўка склала 373 чалавекі. Тое, што камісія занізіла ў апошні дзень колькасць выданых бюлетэняў, агулам не паўплывала на сітуацыю. На выбарчым участку №390 яўка на датэрміновым галасаванні завышаная амаль у два разы. Назіральнік звярнуўся ўжо пасля першага дня галасавання ў акруговую камісію і пракуратуру са скаргамі на фальсіфікацыі.
Дарэчы, як адзначаюць аналітыкі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ў беларускім выбарчым заканадаўстве не прапісана дакладная працэдура праверкі на фальсіфікацыю.
У ЦВК назіральніку сказалі, што акруговая камісія ўжо разгледзела яго скаргі на фальсіфікацыю яўкі ў першыя дні галасавання. Скаргу разгледзелі ў нерабочым парадку – паседжання не праводзілася. Заяўніка не выклікалі, хоць такую скаргу мусяць разгледзець у прысутнасці назіральніка, які звярнуўся са скаргай.
Што ж тычыцца пракурорскай праверкі, то ніхто з пракурораў не прыязджаў на ўчастак. Заканадаўствам прадугледжана, што падчас выбараў тэрміны праверкі складаюць 3 дні, калі не патрабуе праверкі, 10 – з праверкай, у дзень выбараў – неадкладна, калі без праверкі.
"Само гэтае становішча выбарчага заканадаўства абсурдна, і не вытрымлівае ніякай крытыкі, таму што пракурор можа прыйсці правяраць фальсіфікацыі ўжо тады, калі камісія высыпае ўсе скрыні, у тым ліку і за датэрміновае галасаванне. І ніякіх аб'ектыўных дадзеных аб тым, што фальсіфікацыі мелі месца на ўчастку ён не раздабудзе", – кажа Аляксей Лойка.
2. Забарона фота- і відэаздымкі на ўчастку
Мяркуем, што гэты пункт вельмі звязаны з першым. Пасля першага дня назірання, калі Аляксей Лойка сфатаграфаваў пратаколы дня на ўчастках №390 і №391, якія вывешваюцца публічна на стэнды для ўсіх, забаранілі рабіць фота на ўсіх выбарчых участках на базе школы №159 усім назіральнікам. Выключэнне нават не зрабілі для назіральнікаў місіі БДПІЧ АБСЕ. Дарэчы, у апошні дзень датэрміновага галасавання назіральніку ўсё ж такі дазволілі сфатаграфаваць пратакол дня на сваім участку.
“Не дарэмна два дні тэлефанаваў у Цэнтрвыбаркам”, – кажа назіральнік.
Акрамя гэтага, назіральніку кампаніі акруговая камісія па Мінскай-Заходняй акрузе №102 вынесла папярэджанне за фотаздымак пратаколу на суседнім участку, які знаходзіцца праз сцену. У той жа дзень назіральніку Аляксею Лойку было вынесена папярэджанне ад участковай камісіі за фотаздымак канцэрту ў калідоры школы. Святочныя канцэрты ладзяцца ў школе №159 з першага дня датэрміновага галасавання.
Фотарэпартаж з “містычнай” школы: забарона фотаздымкі, завышаная колькасць выбаршчыкаў, загоны
Аляксей Лойка абскардзіў гэтае рашэнне акруговай камісіі ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. Ён упэўнены, што: калі пратакол з вынікамі дня вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення, то гэта значыць, што ён мае права знаёміцца з ім як грамадзянін, не валодаючы правамі назіральніка. А ў сілу прынцыпу галоснасці выбраў ён мае права вырашаць, якому колу асоб даводзіць атрыманую інфармацыю. Але 16 лістапада ў ЦВК назіральніку адказалі, што нібыта акруговая камісія ўжо разгледзела яго скаргу і ўжо нават даслала адказ. Без пасяджэння.
Акрамя гэтага, назіральнік кампаніі лічыць, што першапачаткова акруговая выбарчая камісія абрала недэмакратычны спосаб разгляду заявы старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №391: аб'ява аб пасяджэнні АВК прадвызначала вынік разгляду гэтай заявы.
“Мяркую, што для аб'ектыўнасці і непрадузятасці варта было б выкласці дадзены пункт у парадку дня як «аб разглядзе заявы старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №391 Богдан аб парушэнні доўгатэрміновым назіральнікам Лойкам норм і палажэнняў выбарчага заканадаўства". Указаная фармулёўка сведчыць аб прадузятасці і суб'ектыўным, абвінаваўчым падыходзе да мяне як доўгатэрміноваму назіральніку”, – мяркуе Аляксей Лойка.
3. Адсутнасць безбар'ернага асяроддзя для людзей на вазку
Справа ў тым, што людзі на вазках самастойна не могуць патрапіць у школу №159, дзе размяшчаюцца адразу тры выбарчыя ўчасткі. Як адзначае назіральнік Аляксей Лойка, гэта сведчыць аб немагчымасці рэалізаваць людзям на вазках сваё пасіўнае выбарчае права і права на кіраванне справамі грамадства. Назіральнік звярнуўся ў пракуратуру.
Назіральнік просіць пракуратуру правесці праверку па даступнасці выбарчага ўчастка
Адзінае, што сябры камісіі №390 на пяты дзень галасавання забяспечылі, перавярнуўшы стол – тайнае галасаванне для вазочнікаў.
Чытаць таксама матэрыялы пра выбарчыя ўчасткі, дзе назірае Аляксей Лойка:
Першы дзень датэрміновага галасавання: яўка завышаецца больш, чым у 10 разоў
На ўчастку, на якім паведамілі пра высокую яўку выбаршчыкаў, забаранілі фота- і відэаздымку
Фотарэпартаж з “містычнай” школы: забарона фотаздымкі, завышаная колькасць выбаршчыкаў, загоны
Другі дзень датэрміновага галасавання: зноў завышаецца колькасць прагаласаваўшых
Папярэджанне назіральніку за... фота канцэрту ў школе
"Кажа, што мы галоснасцю тут не займаемся". Назіральніку вынеслі два папярэджанні за дзень
Участак для галасавання адзін — скаргаў 17
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале