Сённяшнія словы Лукашэнкі сталі пэўным сігналам для ўчастковых камісій. На працягу ўсяго дня нам паведамлялі, што з розных участкаў Беларусі выдаляюць незалежных назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і назіральнікаў кампаніі “Права выбару”.
Беларускамоўную журналістку выганялі з участку ў Гомелі, бо ў яе «польскі акцэнт», паведамляе "Радыё Свабода". Інцыдэнт здарыўся на ўчастку для галасаваньня № 15 Гомельскай Цэнтральнай акругі № 33, што ў будынку каледжу чыгуначнага транспарту. На ўчастак прыйшлі журналісты, але ім забараніў там прысутнічаць старшыня ўчастковай камісіі, ён жа дырэктар каледжу — Анатоль Шэвель.
Намесніца старшыні ўчастковай камісіі № 32 у Магілёве Вольга Папова распавяла пра «правакацыі» ў бок старшыні камісіі і дырэктаркі СШ № 12 Марыны Зубарэнка, паведамляе БелТА. Пра нібыта правакацыі таксама распавёў кандыдат у дэпутаты Ігар Марзалюк у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».